Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

19 Кст 2012

Артысты з пяці краін стануць удзельнікамі дабрачыннага палацавага балю ў Нясвіжы

19 кастрычніка, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Больш за 170 артыстаў, а таксама 15 творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Ірландыі стануць удзельнікамі першага дабрачыннага палацавага балю, які адбудзецца ў культурнай сталіцы Беларусі-2012 Нясвіжы 10 лістапада. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У мерапрыемстве прымуць удзел вядомыя дзеячы культуры і мастацтва - салісты Вялікіх тэатраў Беларусі і Расіі. У праграме запланавана выступленне інструментальных і танцавальных калектываў - сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, заслужанага аматарскага фальклорна-этнаграфічнага калектыву "Неруш", сярэдневяковага вулічнага тэатра "ДыГрыза", ансамбля "Тутэйшая шляхта", студыі гістарычнага танца "Версаль", квартэта "Асторыя", музычнага дома "Класіка", школы старадаўняга танца "Залаты двор", Нясвіжскага тэатра імя Уршулі Радзівіл, а таксама папулярнага расійскага калектыву "Кватра" і нямецкай кавер-групы Sculer Cover Band (Берлін).
Сярод ганаровых гасцей балю народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў і народны артыст Расіі Станіслаў Гаварухін, народны артыст Беларусі Віктар Манаеў і народны артыст Расіі Дзмітрый Харацьян, сусветна вядомыя балерыны - народная артыстка Беларусі Вольга Гайко і заслужаная артыстка Расіі Настасся Валачкова, якая прыедзе ў Нясвіж са сваім балетам.
Сустракаць гасцей балю, якія продэфіліруюць па чырвонай дывановай дарожцы, разам з вядучымі Алінай Краўцовай (Беларусь) і Маратам Башаравым (Расія) будуць пераможца Нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь-2008" Вольга Хіжынкова, а таксама мадэль і актрыса з Ірландыі, уладальніца тытула "Міс свету-2003" Разана Дэвідсан, дачка вядомага спевака Крыса дэ Бурга.
Уладзімір Карачэўскі нагадаў, што балі ў Беларусі традыцыйна праводзіліся з XVII стагоддзя ў палацах і служылі своеасаблівымі паказчыкамі актыўнасці культурнага жыцця. Сцэнарый правядзення баляў у розныя часы адрозніваўся. Абавязковым атрыбутам была картка танцаў, якая ўключала вальс, паланэз, французскую кадрылю. Ставіліся спектаклі, запрашаліся знакамітыя музыканты з Італіі, Францыі, Германіі. Асаблівую вядомасць набылі балі, якія праводзіў у Нясвіжы Караль Станіслаў Радзівіл (Пане Каханку). Паводле слоў першага намесніка міністра культуры, у нашай краіне паступова адраджаецца традыцыя правядзення старадаўніх баляў - так, ужо трэці год запар Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі арганізоўвае вялікі навагодні баль, які становіцца ўсё больш папулярным.
У рэзідэнцыі шляхетнага роду Радзівілаў злучацца гісторыя і сучаснасць, і госці, нібы здзяйсняючы падарожжа ў часе, адчуюць размах і раскошу старадаўняга шляхецкага балю. Яркія паходні, конныя рыцары, чырвоная дывановая дарожка і шампанскае - менавіта так у гэту ноч будзе сустракаць Нясвіжскі палац доўгачаканых гасцей, спецыяльна для якіх рыхтуецца аўкцыён па збору сродкаў на аднаўленне помніка гісторыка-культурнай спадчыны XVI стагоддзя Навагрудскага замка (Гродзенская вобласць).
Прасторныя залы палаца ў Нясвіжы - Залатая, Тэатральная, Гетманская, Паляўнічая і іншыя - будуць напоўнены разнастайнымі танцавальнымі, музычнымі, тэатральнымі і касцюміраванымі паказамі. Гэтай ноччу толькі для ўдзельнікаў балю - бальныя гульні, тэматычныя салоны, разнастайныя праграмы і пачастункі на любы, нават самы патрабавальны густ. Увесь вечар у сценах палаца будзе гучаць музыка караля вальса Іагана Штрауса.
Для VIP-гасцей Вялікай бальнай залы, спецыяльна абсталяванай ва ўнутраным двары замка, будуць пададзены стравы, прыгатаваныя па рэцэптах мінулых стагоддзяў вядомым італьянскім шэф-поварам.
Як расказала намеснік дырэктара нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Наталля Жарко, гасцямі мерапрыемства стануць і прадстаўнікі шляхетнага роду Радзівілаў, якія вялікай дэлегацыяй прыедуць у Беларусь. Яны азнаёмяцца з адноўленым помнікам архітэктуры, дзе яшчэ не былі пасля афіцыйнага адкрыцця, а затым, магчыма, прымуць удзел у балі.
Арганізатарамі дабрачыннага арыстакратычнага балю выступілі ТАА "Берын Арт Менеджмент" сумесна з гісторыка-культурным музеем-запаведнікам "Нясвіж" пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
Плануецца, што палацавы баль у Нясвіжы стане штогадовым. Мерапрыемства арганізавана за сродкі спонсараў і мецэнатаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі