Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

16 Jun 2014

Амаль 300 артыстаў Вялікага тэатра Беларусі выступяць на фестывалі ў Нясвіжы

16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 300 артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі прымуць удзел у штогадовым фестывалі "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў", які пройдзе ў Нясвіжы 20-22 чэрвеня. Аб гэтым сёння ў час відэабрыфінгу паведаміў генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Высокае мастацтва публіцы прадэманструюць оперныя выканаўцы, артысты балета, сімфанічны аркестр і хор. Музычнае свята пройдзе на некалькіх пляцоўках: ва ўнутраным двары і тэатральнай зале замка, гарадской Ратушы, а таксама касцёле Божага Цела.

Для выступленняў ва ўнутраным двары дадаткова абсталююць дзве сцэны - для артыстаў і аркестрантаў, а таксама месцы для гледачоў. Чакаецца, што паглядзець спектаклі змогуць 1,5 тыс. чалавек.

У гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі некалькі прэм'ер. Аматары оперы змогуць атрымаць асалоду ад шэдэўра Антоніа Сальеры "Спачатку музыка, потым словы", а паклоннікі харэаграфічнага мастацтва ўбачаць прэм'еру гэтага тэатральнага сезона - вечар балета "Са стагоддзя ХIХ у стагоддзе ХХI".

Адкрые праграму фестывалю канцэрт струннага квінтэта "Серэнада" - "Мелодыі кахання", які пройдзе ў тэатральнай зале замка. Салістка оперы Таццяна Траццяк у суправаджэнні віртуозных музыкантаў выканае вядомыя рамансы і папулярныя музычныя кампазіцыі розных гадоў. У касцёле Божага Цела артысты хору і салісты опернай трупы тэатра прадставяць канцэрт з твораў Станіслава Манюшкі "З Ойчам адвечным".

Упершыню ў Нясвіжы (унутраны двор) пакажуць "Кармэн" Жоржа Бізэ - знакавы для тэатра спектакль. Менавіта з гэтай пастаноўкі ў 1933 годзе і пачалася гісторыя Вялікага. Тады партыю непакорнай цыганкі выканала вялікая Ларыса Александроўская.

Завершыцца музычны марафон гала-канцэртам зорак Вялікага тэатра. У праграме - папулярныя арыі, харавыя сцэны, куплеты і дуэты з залатога фонду сусветнай оперы, а таксама самыя яркія фрагменты, па-дэ-дэ, адажыа і варыяцыі са славутых балетаў.

Фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" пройдзе пяты раз. Праект стартаваў у 2010 годзе па ініцыятыве тэатра і пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі