Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

20 Jun 2013

Амаль 1 тыс. гасцей чакаецца ў Брэсце на Дзень усенароднай памяці

20 чэрвеня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Амаль 1 тыс. гасцей чакаецца ў Брэсце на Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы Брэсцкага гарвыканкама.

Для ўдзелу ў мерапрыемствах, прымеркаваных да чарговай гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у пагранічны горад прыедуць афіцыйныя дэлегацыі з Валгаграда, Разані і Цюмені на чале з мэрамі гэтых расійскіх гарадоў. У складзе Цюменскай дэлегацыі будуць таксама члены гарадскога Савета ветэранаў, удзельнікі мінулай вайны. З Санкт-Пецярбурга прыбудзе поезд Памяці з моладдзю і ветэранамі ў складзе 250 чалавек. Горад на Няве таксама дэлегуе ў крэпасць-герой прадстаўнікоў міжнароднага фонду абаронцаў Неўскага плацдарма.

Разам з жыхарамі абласнога цэнтра і іншымі гасцямі світанак у крэпасці 22 чэрвеня сустрэнуць удзельнікі патрыятычнай акцыі з Масквы "Мы памятаем. Так пачыналася вайна", прадстаўнікі Усеўкраінскага саюза удзельнікаў вайны з Кіева, Харкаўскай абласной асацыяцыі інвалідаў і ветэранаў вайны. Практычна поўным складам для ўдзелу ў памятных мерапрыемствах у Брэст прыбудуць эксперты XV кангрэса рускай прэсы.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да 72-й гадавіны пачатку вайны, пачнуцца яшчэ напярэдадні жалобнай даты. Так, 21 чэрвеня на Гарнізонных могілках у Брэсце адбудзецца адкрыццё памятнага знака ўраджэнцам Разанскай вобласці, якія абаранялі крэпасць і загінулі ў баях за вызваленне Брэстчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На памятным знаку, вырабленым у Разані, выбіты імёны 16 воінаў-разанцаў.

Пасля гэтага ў 16 гадзін у мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" адбудзецца цырымонія перапахавання знойдзеных у ходзе будаўнічых работ астанкаў ваеннаслужачых, якія загінулі ў час абарончых баёў у крэпасці ў чэрвені 1941 года.

Бліжэй да вечара госці і жыхары пагранічнага горада стануць відавочцамі масавага маршу рэканструктараў. Усяго ў Брэсце чакаюць амаль 500 удзельнікаў ваенна-гістарычных клубаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Польшчы, Балгарыі, Англіі і Японіі. У цэнтры горада, каля кінатэатра "Беларусь", адбудзецца тэматычная праграма "Брэст перадваенны". А прадстаўніцтва РУП "Белпошта" арганізуе тут цырымонію спецыяльнага гашэння мастацкай маркі "Летапіс Перамогі. Абарона Брэсцкай крэпасці". У кінатэатры пройдзе паказ кінафільма "Брэсцкая крэпасць".

Раніцай 22 чэрвеня калона з удзельнікаў жалобных мерапрыемстваў пройдзе "Дарогай памяці" ад галоўнага ўваходу ў крэпасць "Зоркі" да Цярэспальскіх варот, дзе роўна ў 4 гадзіны пачнецца мітынг-рэквіем. Пасля яго завяршэння і ўскладання кветак да Вечнага агню на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання адбудзецца гістарычная рэканструкцыя "Гаўрылаўскі капанір". У мінулым годзе гэты відовішчны паказ сабраў амаль 5 тыс. гледачоў.

Для забеспячэння дастаўкі гасцей і жыхароў горада ў крэпасць у ноч з 21 на 22 чэрвеня рашэннем гарвыканкама па 6 маршрутах будуць курсіраваць 18 аўтобусаў.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі