17 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Аўдыягід на кітайскай мове з'явіўся ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзентацыя першага аўдыягіда на кітайскай мове адбылася ў музеі 16 лістапада. Як адзначыў на мерапрыемстве дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў, стварэнне такога аўдыяпамочніка прадыктавана часам. Паколькі сярод шматлікіх гасцей музея ўсё больш кітайскіх сяброў, многія з якіх не ведаюць рускай мовы. У сувязі з гэтым і было прынята рашэнне зрабіць такі падарунак сябрам з Паднябеснай, якія цікавяцца беларускім мастацтвам.
Кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея спадзяецца, што са з'яўленнем кітайскага аўдыягіда яшчэ больш кітайскіх прыхільнікаў мастацтва будуць наведваць яго залы. Дарэчы, у музеі пастаянна праводзяцца і кітайскія выстаўкі. Адна з іх адкрылася 16 лістапада. На ёй прадставіў свае работы мастак Чэнь Моу, кіраўнік Кітайскага таварыства вывучэння жывапісу, намеснік дэкана факультэта кітайскага традыцыйнага жывапісу Цэнтральнай акадэміі мастацтваў.
Правядзенне ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі кітайскіх экспазіцый ужо стала добрай традыцыяй. Гэта ўносіць уклад у развіццё ў цэлым беларуска-кітайскіх культурных сувязей, якія з'яўляюцца важным складнікам узаемадзеяння паміж Беларуссю і КНР.