У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Фота | Прэм'ера балета "Маленькая смерць" у Вялікім тэатры Беларусі

Прэм'ера балета "Маленькая смерць" у Вялікім тэатры Беларусі

Прэм'ера балета
4 Сак 2016

У першы дзень вясны Вялікі тэатр Беларусі прадставіў цудоўны вечар сучаснай харэаграфіі, у рамках якога адбылася прэм'ера аднаактовага балета "Маленькая смерць" (Le Petit Mort) са знакамітай серыі "Чорна-белыя балеты" класіка нідэрландскай школы, выдатнага харэографа другой палавіны ХХ стагоддзя Іржы Кіліяна.

Яшчэ ў верасні 2013 года галоўная трупа краіны – 22 лепшыя танцоўшчыкі Вялікага – сумесна з нідэрландскімі калегамі ўпершыню прадставілі на беларускай сцэне балет Іржы Кіліяна "Шэсць танцаў", які за гэты час паспеў заваяваць сэрцы фестывальнай публікі ў Беларусі і Расіі, а таксама стаў адным з самых папулярных у рэпертуары тэатра.

Прэм'ера балета "Маленькая смерць", створанага знакамітым балетмайстрам у 1991 годзе на вялікую музыку Вольфганга Амадэя Моцарта для Зальцбургскага фестывалю, стала адной з самых чаканых падзей тэатральнага сезона. У лірычнай мініяцюры, якая займае каля 20 хвілін, паказаны ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны, дзе сапраўдная палкасць мяжуе з неверагоднай пяшчотай і чуллівасцю…

Гаворачы аб пастаноўцы Іржы Кіліяна, якая ў нашы дні стала класікай, яго асістэнтка і некалі танцоўшчыца Нідэрландскага тэатра оперы і балета Шырлі Эсэбум адзначыла, што "гэта балет добрага густу пра жыццё і адносіны, у якіх харэограф вытанчана і далікатна паказвае пачуццёвыя адносіны паміж мужчынай і жанчынай".
 
Пад кіраўніцтвам Шырлі Эсэбум на працягу некалькіх месяцаў шэсць пар – прымы і прэм'еры Вялікага тэатра Беларусі – нанава адкрывалі магчымасці свайго цела, удасканальвалі пластыку і акцёрскае майстэрства. Паводле слоў балерыны, у адрозненне ад "Маленькай смерці", падпарадкаванай класічнаму стылю, у "Шасці танцах" артыст павінен валодаць бездакорнай тэхнікай і пераканаўча іграць камедыйную або адмоўную ролю.

На мінскай сцэне балет "Маленькая смерць" зноў паказаны праз 25 гадоў пасля першай пастаноўкі ў арыгінальнай сцэнаграфіі: касцюмы ва ўсіх дэталях паўтараюць узоры, якія былі прывезены беларускім майстрыхам з Францыі толькі на адзін дзень. У склад выканаўцаў былі ўключаны вядучыя салісты – Надзея Філіпава, Канстанцін Кузняцоў і Такатошы Мачыяма, раней ужо задзейнічаныя ў "Шасці танцах".

Акрамя аднаактовых балетаў Іржы Кіліяна "Маленькая смерць" і "Шэсць танцаў", у праграму вечара сучаснай харэаграфіі была ўключана мініяцюра "Цені" з балета "Баядэрка", якая, бадай, перасягнула па папулярнасці тварэнне Марыуса Пеціпа і цяпер часта паказваецца на сусветных сцэнах як асобны твор.

Эксклюзіўныя кадры з нашумелай прэм'еры балета Іржы Кіліяна на сцэне Вялікага тэатра Беларусі – у фотагалерэі…

 Фота: Аксана Манчук

Рэпетыцыі балета "Маленькая смерць " у Вялікім тэатры Беларусі
Рэпетыцыі балета "Маленькая смерць " у Вялікім тэатры Беларусі
Рэпетыцыі балета "Маленькая смерць " у Вялікім тэатры Беларусі
Прэм'ера балета "Маленькая смерць" у Вялікім тэатры Беларусі
Прэм'ера балета "Маленькая смерць" у Вялікім тэатры Беларусі
1 2      Наступная