У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

10 Май 2015

Візіт Старшыні КНР адкрывае новую эпоху ў развіцці беларуска-кітайскага стратэгічнага партнёрства

Візіт Старшыні КНР адкрывае новую эпоху ў развіцці беларуска-кітайскага стратэгічнага партнёрства

10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь адкрывае новую эпоху ў развіцці беларуска-кітайскага стратэгічнага партнёрства. Аб гэтым сведчаць вынікі перагавораў лідараў дзвюх краін і падпісаны пакет двухбаковых дакументаў, паведамляе БЕЛТА.

Пасля афіцыйнай цырымоніі сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін правялі перагаворы ў пашыраным фармаце і вузкім складзе, па выніках якіх падпісалі шэраг дакументаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што развіццё ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая будуецца на прынцыпах узаемапавагі, падтрымкі і шматпланавага супрацоўніцтва. На яго думку, высокі ўзровень кантактаў і адкрытасць намераў фарміруюць доўгатэрміновую палітыку сумеснага развіцця дзвюх краін. "Мэта ў нас толькі адна - дабрабыт нашых народаў. Мы ні ў якім разе не будуем нашы адносіны і нашу дружбу супраць некага або на шкоду каму б там ні было. Сведчаннем таго з'яўляецца канцэпцыя Шаўковага шляху, якая дасць імклівы рывок развіццю ўсіх дзяржаў, што маюць дачыненне да гэтага, іх эканомікам, а значыць, і жыццю людзей гэтых дзяржаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Цырымонія сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка і Сі ЦзіньпінаПрэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што сёння Беларусь і Кітай сумесна адзначаюць 70-годдзе Вялікай Перамогі над фашызмам і мілітарызмам. "Гэта не першая юбілейная дата, але так маштабна мы яе сумесна адзначаем упершыню ў гэтым годзе", - сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што ў гісторыі ёсць паказальныя прыклады баявога братэрства прадстаўнікоў Беларусі і Кітая ў абароне Радзімы ад агрэсараў. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта яшчэ адзін фактар, які аб'ядноўвае краіны.

"Увесь свет ведае аб вялікім подзвігу савецкага народа і тых каласальных стратах, якія ён паклаў на алтар Перамогі - гэта 30 млн чалавек. Але я хачу, каб усе ведалі, што кітайскі народ у Другой сусветнай вайне страціў 35 млн сваіх суайчыннікаў. Кітайскі народ стрымліваў на працягу ўсяго перыяду Другой сусветнай вайны значныя сілы японскіх мілітарыстаў на ўсходзе краіны, прадухіліўшы страшныя магчымыя падзеі, калі нам давялося б ваяваць на два франты. Таму гэта наша сумесная Перамога, і мы яе ў гэтым годзе святкуем разам", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Нашымі агульнымі намаганнямі мы ні за што не дазволім перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны. Агрэсар не павінен выглядаць міратворцам, а вялікі подзвіг народа не павінен быць забыты", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дзяржавы з падобнай пазіцыяй павінны як ніколі раней аб'яднацца, каб процістаяць негатыўным тэндэнцыям развіцця на планеце.

"На жаль, абстаноўка ў свеце далёкая ад вылучанага вамі "Шанхайскага духу", у аснове якога паглыбленне даверу, узаемавыгаднага супрацоўніцтва на прынцыпах роўнасці, кансультацыі, узаемаразуменне і ўзаемная ўступчывасць", - сказаў беларускі лідар. Ён канстатаваў, што ў сучасным свеце нарастаюць сур'ёзныя супярэчнасці. Прэзідэнт Беларусі абмяняўся са Старшынёй КНР думкамі наконт гэтага, і яны прыйшлі да высновы, што сітуацыя ў свеце няпростая, напружаная, і ад таго, як будуць дзейнічаць вядучыя дзяржавы ў свеце, будзе залежаць далейшае развіццё на зямлі.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін"Ствараюцца пункты напружанасці, вы бачыце, што ў цэнтры Еўропы не проста напружанасць, а ідзе вайна. Напружаная абстаноўка ў такіх рэгіёнах, як Блізкі Усход, Сярэдняя і Цэнтральная Азія. Дзейнасць Ісламскай дзяржавы прывяла да чарговага ўсплёску міжнароднага тэрарызму", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, відавочна, што сёння назіраецца зніжэнне эфектыўнасці сістэмы міжнароднай бяспекі. "Зусім аслаблі інструменты Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, як і сама Арганізацыя Аб'яднаных Нацый. Нам здаецца, што без фундаментальнай рэформы ААН не абысціся, і тут, вядома, важна роля Кітайскай Народнай Рэспублікі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь ніколі не адмаўлялася ад супрацоўніцтва ў сферы ВПК, па лініі спецслужбаў для таго, каб забяспечыць бяспеку як дзяржаў, так і рэгіёнаў.

Прэзідэнт Беларусі выказаў Старшыні КНР удзячнасць за дружалюбныя і даверныя адносіны. "Існуючыя паміж намі адносіны даюць магчымасць нам абмеркаваць самыя далікатныя пытанні і нашых адносін, і сітуацыі ў рэгіёне", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнікі дзяржаў падпісалі Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Кітаем, а таксама сумесную дэкларацыю аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства.

Кіраўнікі дзяржаў падпісалі Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і КітаемПрадстаўнікі афіцыйных дэлегацый падпісалі амаль два дзясяткі пагадненняў і мемарандумаў, якія прадугледжваюць развіццё супрацоўніцтва ў эканоміцы, гандлі, навуцы, адукацыі і культуры, рэалізацыі сумесных праектаў. Шэраг пагадненняў звязаны з развіццём міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. Заключаны таксама значны пакет беларуска-кітайскіх крэдытных пагадненняў, якія ў тым ліку арыентаваны на развіццё транспартнай інфраструктуры і фінансаванні інвестыцыйных праектаў.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што падпісанне такога пакета дамоўленасцей надасць магутны імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню ў самых розных сферах. У першую чаргу ў будаўніцтве і мадэрнізацыі інфраструктуры Беларусі, міжбанкаўскім узаемадзеянні, тэхніка-эканамічным і крэдытна-інвестыцыйным супрацоўніцтве.

"У гэтых дакументах прадугледжаны магчымасці нарошчвання ўзаемнага гандлю ў два разы, абмену тэхналогіямі і павелічэння долі навукова-тэхнічных інавацый. Плануецца стварэнне прававых умоў для турыстычных, адукацыйных і культурных абменаў. Умацаванне сувязей у ваенна-тэхнічнай сферы. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Кітайскай Народнай Рэспублікі і Беларусі таксама атрымае дадатковы імпульс", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што Беларусь і Кітай фарміруюць новы ўзровень сумеснага развіцця ў адносінах, у аснове якога знаходзіцца пераход ад крэдытнага да інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Вопыт такой работы ў бакоў ужо ёсць. У Беларусі рэалізуюцца два буйныя сумесныя праекты па вытворчасці легкавых аўтамабіляў з удзелам кітайскай кампаніі "Джылі" і будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі Камень".

Перагаворы Аляксандра Лукашэнкі и Сі Цзіньпіна ў вузкім фармацеУзаемадзеянне дзвюх краін дынамічна развіваецца. У ліпені 2013 года Беларусь і Кітай устанавілі адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. "Сёння мы вядзём даверны палітычны дыялог, узгадняем пазіцыі на міжнароднай арэне, усебакова развіваем узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае, крэдытна-інвестыцыйнае, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы таксама пашыраем абмены ў гуманітарнай сферы", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь стане вузлавой платформай у рэалізацыі праектаў Шаўковага шляху. Беларусь падтрымлівае вылучаныя Сі Цзіньпінам канцэпцыі "Эканамічны пояс Шаўковага шляху" і "Марскі шаўковы шлях ХХІ стагоддзя". "Вы неяк сказалі аднойчы, што адносіны паміж краінамі залежаць ад блізкасці народаў. Упэўнены, што Беларусь стане вузлавой платформай у рэалізацыі гэтых маштабных праектаў у Еўразійскім рэгіёне і тым самым яшчэ больш зблізіць нашы народы і нашы дзяржавы", - сказаў беларускі лідар. На яго думку, гэтаму паслужыць і адкрыццё прамых авіязносін паміж Мінскам і Пекінам.

Прэзідэнт Беларусі асабліва падкрэсліў, што ў бакоў няма ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах. "І наогул беларускі народ, наша дзяржава ганарыцца адносінамі з вялікім кітайскім народам", - сказаў беларускі лідар.

"Калі нас на Захадзе крытыкуюць за асобныя нашы пазіцыі, а дзе-нідзе гучыць голас аб ізаляцыі, я заўсёды прыводжу прыклад нашага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай і кажу аб тым, што ніякай ізаляцыі дзяржавы быць не можа, калі ў гэтай дзяржавы добрыя і тым больш дружалюбныя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі з вялікім задавальненнем чакалі візіт Сі Цзіньпіна і сур'ёзна да яго рыхтаваліся. "У ходзе візіту вы зможаце пераканацца ў тым, што ўсе нашы дамоўленасці няўхільна і дакладна выконваюцца, - сказаў беларускі лідар. - Вы можаце разлічваць на гэту зямлю і народ, які тут жыве".

У сваю чаргу Сі Цзіньпін заявіў, што чаканыя вынікі візіту ў Беларусь поўнасцю дасягнуты. "Цяпер кітайска-беларускія адносіны знаходзяцца на важным этапе свайго развіцця. Спадзяюся, што мой цяперашні візіт надасць новы імпульс далейшаму развіццю двухбаковых адносін на больш высокім узроўні. Мяркуючы па выніках плённых перагавораў з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам магу зрабіць вывад, што чаканыя вынікі візіту поўнасцю дасягнуты", - адзначыў кітайскі лідар.

"Бакі будуць супрацоўнічаць на аснове ўзаемапавагі і роўнасці, падтрымліваць адзін аднаго па пытаннях, якія ўяўляюць ключавыя інтарэсы", - сказаў Старшыня КНР.

Перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна ў шырокім фармацеКітай таксама мае намер пашыраць імпарт беларускай прадукцыі. "Мы адзіныя ў тым, каб паглыбіць усебаковае практычнае супрацоўніцтва пры сумесным стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Мы павінны спалучаць стратэгіі развіцця дзвюх краін, грунтоўна планаваць і каардынаваць дзеянні па пашырэнні практычнага супрацоўніцтва. Мы таксама павінны павялічыць аб'ём двухбаковага гандлю, аптымізаваць яго структуру. Кітайскі бок будзе пашыраць імпарт якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі з Беларусі", - заявіў Старшыня КНР.

Паводле слоў Сі Цзіньпіна, неабходна з апорай на будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка стварыць шэраг узорных праектаў. Старшыня КНР таксама бачыць неабходнасць у актыўным умацаванні супрацоўніцтва ў частцы фінансавання праектаў, што, паводле яго слоў, дапаможа надаць магутны імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за ўвагу да пытанняў пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва і ўмацавання дружбы паміж народамі.

Сі Цзіньпін пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей ля Палаца Незалежнасці"Гэты візіт з'яўляецца гістарычнай падзеяй у двухбаковых адносінах паміж нашымі дзяржавамі, сімвалам узаемнага імкнення ўмацоўваць і паглыбляць усебаковае стратэгічнае партнёрства", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Вы прыехалі да нас у востры перыяд палітычнага развіцця і рэгіёна, і нашай краіны. Вы наведваеце нашу краіну напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Мы гэта вельмі высока цэнім. І хачу вас запэўніць, што нашы прэзідэнцкія выбары пройдуць так, што вам ніколі не будзе сорамна за супрацоўніцтва з Беларуссю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс