15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэлегаты V Усебеларускага народнага сходу разгледзяць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні дзясятай сесіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Падрыхтоўка прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, рэспубліканскага бюджэту і асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год уступіла ў завяршальную стадыю. У хуткім часе будзе падрыхтаваны і праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, паведаміў Міхаіл Мясніковіч.
Паводле яго слоў, Савет Рэспублікі вядзе ўсебаковую прапрацоўку гэтых дакументаў, прыцягваючы парламентарыяў, вядомых спецыялістаў і вучоных. "Мы пачалі ўжо работу. Створана кампетэнтная рабочая група, першыя прапановы мною перададзены прэм'ер-міністру Андрэю Кабякову і старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўлу Калауру", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.-0-