3 ліпеня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/.
У Беларусі сёння адзначаецца Дзень Незалежнасці.Гэта галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. Ён аб'яўлены ў 1996 годзе дэкрэтам Прэзідэнта Беларусі. Па волі грамадзян, выказанай на рэспубліканскім рэферэндуме, свята адзначаецца ў дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года.
Беларусі першай давялося прыняць на сябе ўдары гітлераўскіх полчышчаў, а Мінск на другі дзень вайны быў падвергнуты бязлітаснай бамбардзіроўцы і артылерыйскаму абстрэлу. На подступах да горада гітлераўцы сустрэлі ўпартае супраціўленне нашых воінаў. Асабліва мужна змагаліся з ворагам 100-я і 64-я стралковыя дывізіі. Але 28 чэрвеня фашыстам удалося авалодаць Мінскам.
З першых дзён акупацыі жыхары горада ўзняліся на барацьбу з ворагам.
1100 дзён акупацыі - 1100 дзён самаадданай, гераічнай барацьбы з гітлераўскімі захопнікамі. Мінск быў акупіраваны, але не пакораны, не быў пастаўлены на калені перад жорсткасцю і насіллем.У выніку бліскучай Беларускай аперацыі пры ўзаемадзеянні 1-га і 3-га Беларускіх франтоў і пры падтрымцы партызанаў 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты дзень стаў святам вызвалення ўсёй Беларусі.
У Беларусі ведаюць цану свабоды: у Вялікай Айчыннай вайне за яе загінуў кожны трэці жыхар рэспублікі.
Святкаванне Дня Незалежнасці - гэта даніна гераізму і стойкасці мінчан, самаадданай барацьбе мінскіх падпольшчыкаў, небываламу працоўнаму подзвігу тых, хто адбудоўваў рэспубліку з руін, узводзіў заводы, дамы, школы, хто выпускаў першую прадукцыю на прадпрыемствах.
Традыцыйна 3 ліпеня беларускі народ аддае даніну павагі доблесці і гераізму франтавікоў і працаўнікоў тылу, партызанаў і падпольшчыкаў, якія прынеслі свабоду Беларусі.