15 лістапада, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі міграцыйная палітыка заснавана на агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права, характарызуецца адкрытасцю, накіраванасцю на забеспячэнне міру і згоды ў краіне на аснове захавання правоў і свабод чалавека. Аб гэтым заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак на міжнароднай канферэнцыі "Міграцыя і дэмаграфічнае развіццё Рэспублікі Беларусь і сумежных краін", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сфарміравана нацыянальнае міграцыйнае заканадаўства, у тым ліку ў сферы працоўнай міграцыі. Забяспечваецца сацыяльная інтэграцыя і адаптацыя мігрантаў. Беларускае грамадства вызначаецца талерантным стаўленнем да іншаземцаў і бежанцаў, якія пражываюць у краіне, адзначыў намеснік міністра.
Міграцыя выступае адным з важнейшых складнікаў праблематыкі народанасельніцтва і разглядаецца як складаны грамадскі працэс, які закранае практычна ўсе бакі сацыяльна-эканамічнага жыцця грамадства. Глабалізацыя, нераўнамерны рост насельніцтва і сацыяльна-эканамічныя адрозненні паміж краінамі, ваенныя канфлікты выклікаюць павелічэнне патокаў людзей, якія перасякаюць нацыянальныя граніцы. Устойлівае развіццё дзяржаў немагчыма без усебаковага аналізу і ўліку спецыфічных праблем міграцыі - знешняй і ўнутранай.
"Міграцыя ўздзейнічае на колькасныя і якасныя паказчыкі рабочай сілы, на фарміраванне рынку працы, дэмаграфічную сітуацыю. Прыняцце ў краіну мігрантаў на пастаяннае жыхарства - адна з крыніц павелічэння колькасці насельніцтва краіны, асабліва ў дэмаграфічна-дэпрэсіўных рэгіёнах, а прыцягненне замежных высокакваліфікаваных спецыялістаў у эканоміку - агульнапрынятая міжнародная практыка, - канстатаваў Аляксандр Румак. - Разам з тым, нерэгулюемая, некіруемая міграцыя можа стаць каталізатарам сацыяльных узрушэнняў, абвастрэння крымінагеннай абстаноўкі, пагаршэння эканамічнай сітуацыі".
Паводле яго слоў, узровень талерантнасці грамадства да пытанняў міграцыі і ўспрыманне мігрантаў залежаць непасрэдна ад таго, як міграцыя ўплывае на жыццё кожнага чалавека ў канкрэтнай краіне.
Намеснік прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі Алена Касько адзначыла, што, паводле ацэнак ААН, на пачатак 2016 года ў свеце налічвалася 247 млн мігрантаў - 3,4 працэнта ад усяго насельніцтва планеты. "Беларусь з'яўляецца актыўным удзельнікам сусветнай эканамічнай сістэмы і міжнароднага працоўнага абмену, таму даследаванне і аналіз міграцыйных працэсаў будуць набываць усё большае значэнне як умова забеспячэння сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны", - лічыць Алена Касько. Яна выказала надзею, што канферэнцыя ўнясе істотны ўклад у разуменне асноўных тэндэнцый унутранай і знешняй міграцыі не толькі ў Беларусі, але і ў цэлым у Еўразійскім рэгіёне.
Міжнародная канферэнцыя "Міграцыя і дэмаграфічнае развіццё Рэспублікі Беларусь і сумежных краін" праходзіць 15-16 лістапада ў Мінску. Арганізатарамі форуму выступаюць ЮНФПА, навуковыя і адукацыйныя структуры Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, а таксама Інстытут сацыяльна-палітычных даследаванняў Расійскай Акадэміі навук. Канферэнцыя праводзіцца па праекце "Падтрымка рэалізацыі нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь", які фінансуецца ЮНФПА і ўрадам Расійскай Федэрацыі. На канферэнцыі выступяць вучоныя з 10 краін (Беларусі, Бразіліі, Венгрыі, В'етнама, Партугаліі, Расіі, ЗША, Турцыі, Фінляндыі і ПАР). Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць пытанні сучаснага міграцыйнага крызісу і дэмаграфічнай бяспекі, міграцыйнай палітыкі ў Беларусі і Еўразійскім рэгіёне, узаемасувязі міграцыі і здароўя насельніцтва. У рабоце форуму прымаюць удзел больш за 100 чалавек.