У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

27 Врс 2016

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28-30 верасня робіць дзяржаўны візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28-30 верасня робіць дзяржаўны візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28-30 верасня робіць дзяржаўны візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку.

Праграмай візіту запланаваны перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Па іх выніках чакаецца падпісанне каля 30 міжнародных дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах. Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне таксама правядзе сустрэчы з прэм'ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам, старшынёй Усекітайскага камітэта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая Юй Чжэншэнам і старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка наведае Пекінскі ўніверсітэт, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам ВНУ, студэнтамі, адкажа на iх пытаннi.

Кітайская Народная Рэспубліка знаходзіцца ў Цэнтральнай і Усходняй Азіі. Тэрыторыя - 9,56 млн кв.км, насельніцтва - 1,37 млрд чалавек. Сталіца - Пекін. Афіцыйная мова - кітайская. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады з'яўляецца Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў (УСНП), які выбірае Старшыню КНР і яго намесніка. Цяпер Старшынёй КНР з'яўляецца Сі Цзіньпін (выбраны 14 сакавіка 2013 года), прэм'ерам Дзяржсавета - Лі Кэцян.

Дыпламатычныя адносіны Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай устаноўлены 20 студзеня 1992 года. У тым жа годзе ў Мінску было адкрыта Пасольства КНР, а з 1993 года беларускія дыпламаты сталі працаваць у Пекіне (з ліпеня 2016 года Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы - Кірыл Руды).

Візіты Прэзідэнта Беларусі ў КНР

Бакі рэгулярна абменьваюцца візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях, ажыццяўляецца актыўны міжпарламенцкі дыялог, дынамічна развіваюцца міжведамасныя беларуска-кітайскія кантакты. Высокі ўзровень беларуска-кітайскіх палітычных адносін служыць надзейнай асновай для развіцця двухбаковых гандлёвых сувязей. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведваў Кітай у студзені 1995, красавіку 1997, красавіку 2001, снежні 2005, жніўні 2008, кастрычніку 2010, ліпені 2013 і верасні 2015 года. Візіты садзейнічалі развіццю гандлёвых адносін і прыцягненню замежных інвестыцый у беларускую эканоміку.

Важнейшым этапам у станаўленні і развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва стаў візіт у КНР Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які адбыўся 17-19 студзеня 1995 года. Паездка ў КНР стала першым афіцыйным візітам Аляксандра Лукашэнкі за межы тэрыторыі былога СССР у якасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Вынікам візіту стала падпісанне шэрага пагадненняў, вызначэнне мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва.

У красавіку 1997 года адбыўся рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Паўднёвую Карэю, Кітай і В'етнам з мэтай актывізацыі развіцця гандлёвых адносін і прыцягнення замежных інвестыцый у беларускую эканоміку, а таксама пашырэння рынку збыту беларускіх тавараў.

У ходзе афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНР 23-24 красавіка 2001 года было падпісана сем дакументаў. Важнейшы з іх - сумесная Дэкларацыя Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь.

6 снежня 2005 года ў ходзе дзяржаўнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў КНР заключаны кантракты на суму амаль $0,5 млрд. У падпісанай у Пекіне сумеснай дэкларацыі Беларусі і Кітая вызначаны перспектывы далейшага супрацоўніцтва дзвюх краін.

У час візіту 6-10 жніўня 2008 года кіраўнік беларускай дзяржавы правёў у Пекіне сустрэчу са Старшынёй КНР Ху Цзіньтаа, сустрэўся са старшынёй праўлення карпарацыі "Сіцік" Кун Данам. Першыя кантакты беларускага боку з карпарацыяй "Сіцік" па пытаннях рэалізацыі інвестыцыйных праектаў былі ўстаноўлены ў 2007 годзе. Практычнае развіццё атрымаў праект будаўніцтва новых цэментных заводаў і мадэрнізацыі энергазабеспячэння дзеючых у Беларусі цэментных заводаў.

9-11 кастрычніка 2010 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў рабочую паездку ў Кітайскую Народную Рэспубліку. У час візіту кіраўнік дзяржавы наведаў нацыянальныя павільёны Беларусі і Кітая на Сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2010" у Шанхаі. Там жа Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця беларуска-кітайскага тэхнапарка ў горадзе Чанчунь. Па выніках візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай быў падпісаны пакет з 13 дакументаў па рэалізацыі сумесных праектаў на агульную суму $3,5 млрд.

Якасна новы стан беларуска-кітайскія двухбаковыя адносіны набылі па выніках афіцыйнага візіту ў Пекін Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі 15-17 ліпеня 2013 года па запрашэнні Старшыні КНР Сі Цзіньпіна. У Пекіне адбыліся перагаворы кіраўніка беларускай дзяржавы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін падпісалі дэкларацыю аб устанаўленні паміж Беларуссю і Кітаем адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства. У дакуменце адзначаецца, што краевугольным каменем кітайска-беларускага супрацоўніцтва з'яўляецца эканамічнае ўзаемадзеянне, уключаючы гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае. Плённыя перагаворы ў Пекіне правялі і члены беларускай дэлегацыі. Па іх выніках падпісана больш як 30 двухбаковых дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах на агульную суму каля $1,5 млрд.

1-3 верасня 2015 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час рабочага візіту ў Кітайскую Народную Рэспубліку правёў сустрэчу з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, першым намеснікам прэм'ера Дзяржсавета КНР Чжан Гаалі. Таксама Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам. 3 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у ваенным парадзе ў Пекіне, праводзімым у азнаменаванне 70-годдзя Перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны.

Візіты кітайскага боку ў Беларусь

Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін наведаў Беларусь з дзяржаўным візітам10-12 мая 2015 года Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін наведаў Беларусь з дзяржаўным візітам па запрашэнні кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. У навейшай гісторыі Беларусі гэта другі візіт Старшыні Кітая, першы адбыўся ў 2001 годзе, тады Беларусь наведаў Цзян Цзэмінь. Акрамя таго, Сі Цзіньпін наведваў Беларусь у 2010 годзе на пасадзе намесніка Старшыні КНР. 10 мая 2015 года адбыліся афіцыйныя перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з Сі Цзіньпінам у вузкім і пашыраным складах. Па іх выніках падпісаны шэраг міжнародных дакументаў. Кіраўнікі дзяржаў падпісалі Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Кітаем, а таксама сумесную дэкларацыю аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства. Прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый падпісалі амаль два дзясяткі пагадненняў і мемарандумаў, якія прадугледжваюць развіццё супрацоўніцтва ў эканоміцы, гандлі, навуцы, адукацыі і культуры, рэалізацыі сумесных праектаў. Шэраг пагадненняў звязаны з развіццём міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. Заключаны таксама значны пакет беларуска-кітайскіх крэдытных пагадненняў, якія ў тым ліку арыентаваны на развіццё транспартнай інфраструктуры і фінансаванне інвестыцыйных праектаў.

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

З году ў год беларуска-кітайскія эканамічныя сувязі прырастаюць па ўсіх напрамках. На сёння асноўным дакументам супрацоўніцтва Беларусі і КНР з'яўляецца Праграма развіцця ўсебаковага стратэгічнага партнёрства да 2018 года.

Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін Беларусі з КНР вельмі развітая. На сёння дзейнічае больш за 80 двухбаковых міжнародных дагавораў, у тым ліку амаль 40 міждзяржаўных і міжурадавых. Дзеючыя двухбаковыя дагаворы з КНР ахопліваюць шырокі спектр пытанняў, уключаючы ўстанаўленне дыпламатычных адносін, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, прадухіленне двайнога падаткаабкладання, абарону інвестыцый, супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхналогій, мастацтва і культуры, адукацыі, турызму, паветраных зносін, аховы здароўя, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, аказанне прававой дапамогі па грамадзянскіх і крымінальных справах, абарону правоў інтэлектуальнай уласнасці, бязвізавыя паездкі і інш.

КНР з'яўляецца адным з найбольш важных гандлёва-эканамічных партнёраў Рэспублікі Беларусь. Кітай увайшоў у тройку асноўных гандлёвых партнёраў Рэспублікі Беларусь па выніках 2015 года. Тавараабарот Беларусі і Кітая склаў больш за $3 млрд і вырас да ўзроўню 2014 года на 5,6 працэнта, беларускі экспарт склаў каля $800 млн (рост на 22 працэнты), імпарт - $2,4 млрд (рост на 1,1 працэнта).

Апошнія гады асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў Кітай былі калійныя ўгнаенні, капралактам, кар'ерныя самазвалы і запчасткі да іх, электронныя інтэгральныя схемы і мікразборкі, хімічная прадукцыя. Асноўныя групы беларускага імпарту з КНР - абсталяванне, камплектуючыя вырабы і матэрыялы для экспартна арыентаваных вытворчасцей Беларусі, спажывецкія тавары.

Многія беларускія арганізацыі маюць сертыфікат China Friendly, які азначае наяўнасць у кампаніі супрацоўнікаў, якія валодаюць кітайскай мовай, магчымасць прадастаўлення страў кітайскай кухні, а таксама магчымасць выкарыстання для аплаты картак UnionРay. Спрошчаны працэдуры афармлення візы ў Беларусь для кітайскіх турыстаў.

У 2016 годзе Беларусь удзельнічала ў V выстаўцы "ЭКСПА "Кітай-Еўразія" ў якасці пачэснага госця. Агульная плошча выставачных стэндаў Беларусі склала 360 кв.м, у нацыянальнай экспазіцыі прынялі ўдзел больш за 40 вядучых прадпрыемстваў краіны.

Краіны вядуць маштабныя сумесныя праекты, сярод якіх рэалізацыя ініцыятывы "Эканамічны пояс Шаўковага шляху", будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", вытворчасць легкавых аўтамабіляў маркі Geely і інш.

Ініцыятыва "Эканамічны пояс Шаўковага шляху"

У 2014 годзе Міністэрства гандлю КНР і Міністэрства эканомікі Беларусі падпісалі пратакол аб супрацоўніцтве па сумесным стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Беларусь мае намер актыўна развіваць участкі транскантынентальных транспартных калідораў, удасканальваць лагістычную інфраструктуру на сваёй тэрыторыі, у тым ліку з удзелам кітайскіх кампаній. Размова ідзе таксама аб удасканаленні ўнутранай аўтадарожнай інфраструктуры, павышэнні загрузкі чыгуначных кантэйнерных саставаў, што накіроўваюцца з Еўропы ў Кітай. Можна будзе шырэй выкарыстоўваць магчымасці беларускіх аэрапортаў, аптымізаваць сістэму дастаўкі грузаў.

Кітай гатовы прапанаваць Беларусі лагістычныя паслугі ў марскіх партах Ляньюньгана. Горад Ляньюньган з'яўляецца адным з буйнейшых партоў КНР. Супрацоўніцтва з ім набывае асаблівае значэнне ў сувязі з уключанасцю ў праекты "Эканамічная зона Шаўковага шляху" і "Марскі Шаўковы шлях XXI стагоддзя".

1 мая 2015 года паміж Кітаем і Беларуссю адкрыўся першы паветраны маршрут. Авіялінія звязала Пекін, Мінск і Будапешт. Ініцыятарам адкрыцця прамых паветраных зносін паміж трыма краінамі - Кітаем, Беларуссю і Венгрыяй - стала кітайская авіякампанія "Эйр Чайна".

У верасні 2016 года дзяржаўнае прадпрыемства "БТЛЦ" сумесна з ТАА "Белінтэртранс-Германія" запусціла новы кантэйнерны поезд па маршруце Ланьчжоу - лагістычны комплекс "Калядзічы" ў Мінску. У складзе гэтага поезда магчыма адпраўка любых грузаў з Кітая ў Беларусь і назад. Арыенціровачны час у дарозе ад станцыі адпраўлення да станцыі прызначэння складае 10 сутак. Традыцыйна грузы ў Беларусь дастаўляліся марскім шляхам Deep Sea праз Суэцкі канал і парты краін Балтыі. Запуск рэгулярных паяздоў адкрывае магчымасць для паскоранай дастаўкі, скарачаючы час у дарозе, напрыклад, з Кітая ў Беларусь у два разы.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень"

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень"Важнае месца ў ствараемым эканамічным поясе Шаўковага шляху зойме буйнейшы ў гісторыі двухбаковых адносін праект - Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" (Great Stone). У Кітая вялікі вопыт стварэння такіх паркаў за мяжой, але ў Беларусі будзе пабудаваны буйнейшы тэхналагічны парк. У якасці мадэлі для стварэння праекта быў прапанаваны кітайска-сінгапурскі індустрыяльны парк у горадзе Сучжоу (правінцыя Цзянсу).

Парк размешчаны на тэрыторыі Смалявіцкага раёна за 25 км ад Мінска паблізу міжнароднага аэрапорта, чыгуначных пуцей, транснацыянальнай аўтамабільнай магістралі Берлін - Масква. На тэрыторыі парка плануецца размясціць вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-даследчы цэнтры. Фактычна будуецца сучасны міжнародны экагорад. Па даручэнні лідараў Кітая і Беларусі ў парку сфарміраваны самыя камфортныя ўмовы для адкрыцця і вядзення бізнесу. Сумесная з кітайскімі партнёрамі работа дае магчымасць развіваць парк у рэчышчы перспектыўных напрамкаў сучаснай эканомікі.

Сярод першых рэзідэнтаў парка былі зарэгістраваны такія вядомыя кітайскія карпарацыі, як Huawei і ZTE. Вядзецца работа і з іншымі інвестарамі. Калі ўсё будзе рэалізавана так, як задумана, гэта прынясе Беларусі, паводле некаторых ацэнак, амаль $50 млрд у год.

"Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" - гэта выключная з'ява, яскравы прыклад рэалізацыі ідэі новай індустрыяльнай рэвалюцыі, ініцыіраванай Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам на Ханчжоўскім саміце "Вялікай дваццаткі", - заявіў у нядаўнім інтэрв'ю намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалай Снапкоў.

Вытворчасць у Беларусі легкавых аўтамабіляў з удзелам кітайскай кампаніі "Джылі"

Мінпрам Беларусі ў кастрычніку 2011 года падпісаў з кітайскай кампаніяй "Джылі" мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне вытворчасці легкавых аўтамабіляў. У снежні 2011 года было створана сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства СЗАТ "БелДжы" (заснавальнікамі з'яўляюцца ААТ "БелАЗ" - 50 працэнтаў акцый, кітайская кампанія "Джылі" - 32,5 працэнта акцый, а таксама сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства па вытворчасці аўтакампанентаў "Саюзаўтатэхналогіі"). Зарэгістравана прадпрыемства на тэрыторыі СЭЗ "Мінск".

СЗАТ "БелДжы" вырабляе аўтамабілі маркі Geely. На першым этапе была арганізавана зборка легкавых аўтамабіляў на вытворчых плошчах ААТ "Барысаўскі завод "Аўтагідраўзмацняльнік". У лютым 2013 года тут быў сабраны першы аўтамабіль, а ў сакавіку таго ж года пачаліся першыя продажы. Дылерскія цэнтры "БелДжы" ёсць ва ўсіх абласных цэнтрах і вялікіх гарадах Беларусі. Дылерская сетка прадпрыемства пастаянна расце.

Другі этап рэалізацыі праекта прадугледжвае будаўніцтва завода па зборцы аўтамабіляў Geely. 16 студзеня 2014 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ нумар 35 "Аб пытаннях арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў", згодна з якім павінен быць пабудаваны завод па вытворчасці легкавых аўтамабіляў у Барысаўскім раёне.

Як паведаміў 22 верасня 2016 года першы намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі, будаўніцтва завода "БелДжы" знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Новы завод СЗАТ "БелДжы" будзе адным з тых прадпрыемстваў, якія забяспечваюць інавацыйнае развіццё эканомікі. Яго праектная магутнасць - 60 тыс. аўтамабіляў у год. Тэрмін уводу - 31 снежня 2016 года. Мяркуецца, што да 1 студзеня 2017 года ўзровень лакалізацыі ў вытворчасці аўтамабіляў складзе 30 працэнтаў, да 1 ліпеня 2018 года - не менш як 50 працэнтаў.

Узаемадзеянне ў галіне навукі, тэхнікі і інавацый

Узаемадзеянне Беларусі і Кітая ў навукова-тэхнічнай галіне развіваецца даволі актыўна. У якасці прававой асновы супрацоўніцтва ў гэтай сферы дзейнічае шэраг пагадненняў. На рэгулярнай аснове праводзяцца Дні навукі і тэхнікі, бакі ўдзельнічаюць у спецыялізаваных выстаўках, ствараюць новы цэнтры, ажыццяўляюць рэгіянальнае супрацоўніцтва. З беларускага боку ключавым арганізатарам навукова-тэхнічных абменаў з КНР выступае Навукова-тэхналагічны парк Беларускага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта "Палітэхнік".

Яшчэ адным важным механізмам абменаў паміж Беларуссю і Кітаем у галіне камерцыялізацыі навуковых распрацовак стала стварэнне сумесных навукова-тэхнічных паркаў і цэнтраў. Дзейнічаюць пагадненні аб узаемным стварэнні цэнтраў НТС з урадамі правінцый КНР Хэнань, Шаньдун, Цзілінь (г.Чанчунь), Гуандун, акадэміяй навук правінцыі Хэйлунцзян (г.Харбін). На базе Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій у 2013 годзе адкрыта беларуска-кітайская навуковая лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях. У студзені 2014 года падпісана Пагадненне аб стварэнні сумеснай лабараторыі па оптаэлектронных і лазерных тэхналогіях паміж Інстытутам фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Інстытутам акіянаграфічнага прыборабудавання Акадэміі навук правінцыі Шаньдун.

Добрым дапаўненнем палітычных і эканамічных сувязей з'яўляецца інтэнсіўнае развіццё супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і культуры. Штогод у ВНУ Беларусі навучаецца амаль 2 тыс. кітайскіх грамадзян. Яны вывучаюць не толькі рускую мову, але і эканоміку, медыцыну, культуру. Больш за 600 грамадзян Рэспублікі Беларусь праходзілі навучанне ў КНР у 2014-2015 гадах па розных адукацыйных праграмах. У рамках створанага Беларуска-Кітайскага міжурадавага камітэта функцыянуе асобная камісія па адукацыі. Яе першае пасяджэнне прайшло ў красавіку 2015 года ў Мінску. Па яго выніках бакі дамовіліся аб далейшым пашырэнні беларуска-кітайскіх адносін у сферы адукацыі.

Як заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Цуй Цымін на мерапрыемстве з нагоды 67-годдзя з дня ўтварэння КНР, супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем стала ўзорам адносін паміж дзвюма краінамі ў сучасным свеце. Паводле яго слоў, дзякуючы асабістай увазе Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў 2016 годзе кітайска-беларускія адносіны развіваліся паскоранымі тэмпамі, супрацоўніцтва ўсебакова пашыралася. "Бакі прадаўжаюць цвёрда падтрымліваць адзін аднаго па важнейшых інтарэсах і ключавых пытаннях, змест адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі становіцца ўсё больш багатым і трывалым", - выказаў упэўненасць дыпламат.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс