21 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка расказаў аб маючай адбыцца рэформе ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Адпаведную заяву ён зрабіў сёння, прымаючы кадравыя рашэнні аб назначэнні кіраўніцтва Адміністрацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць ідэалагічнага складніка ў рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта. "А культура, спорт, ды і ахова здароўя - гэта галоўная аснова нашай ідэалогіі", - адзначыў ён. Пры гэтым акцэнт робіцца менавіта на канкрэтных дзеяннях у той ці іншай сферы, а не проста на абмеркаванні ў СМІ. Хоць гэта абмеркаванне таксама павінна быць, прычым сумленным і аб'ектыўным.
"Лічу, што нам трэба скараціць адну з пасад намесніка (хутчэй за ўсё, гэта намеснік кіраўніка Адміністрацыі па ідэалогіі), істотна перабудаваўшы ідэалагічны напрамак, замацаваўшы яго за першым намеснікам. Хутчэй за ўсё - я проста выказваю сваё меркаванне, а вы там паглядзіце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да назначанага кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць патрэбным захаваць упраўленне ідэалогіі, паколькі ў сферы яго адказнасці ляжыць вялікі спектр работы.
Паводле слоў Прэзідэнта, частка адпаведных функцый і паўнамоцтваў павінна перайсці да прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы. "Яна (Наталля Эйсмант. - Заўвага БЕЛТА) чалавек ужо вопытны і крыху недазагружана і ўладнымі паўнамоцтвамі, і арганізацыйнымі. Таму яе трэба ўключыць у гэты водаварот. Таму што ідэалагічны складнік перш за ўсё ідзе ад Прэзідэнта, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Таму вам трэба больш падцягваць прэс-сакратара з невялікай (хоць, адносна невялікай) прэс-службай".
Яшчэ адзін напрамак для рэфармавання работы - функцыі і адказнасць памочнікаў кіраўніка дзяржавы. "Прэзідэнт па Канстытуцыі выведзены над галінамі ўлады. І Прэзідэнту трэба працаваць з гэтымі галінамі ўлады праз памочнікаў", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што павінны быць памочнікі па рабоце з заканадаўчай галіной улады, судовай, па рабоце з банкаўскім сектарам і, магчыма, яшчэ па нейкіх напрамках. "Усе астатнія пасады памочнікаў і іншыя павінны быць скарочаны. Яны сёння адыгралі сваю ролю і практычна не патрэбны", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт бачыць неабходнасць ва ўдасканаленні работы і памочнікаў - галоўных інспектараў у рэгіёнах. "Яны нават з Прэзідэнтам рэдка сустракаюцца. Гэта няправільна", - заўважыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, як і раней, павінна каардынаваць іх работу, кантраляваць, ажыццяўляць збор прапаноў, інфармацыі. "Але праз галоўнага памочніка або памочніка па асаблівых даручэннях (трэба падумаць, як будзе гэта пасада называцца)... Яны павінны збірацца дзесьці раз у месяц або ў два. Ён павінен ад іх атрымліваць інфармацыю, можа, мінуючы Адміністрацыю Прэзідэнта. Не таму, што я не давяраю (некаторыя яшчэ публічна баяцца выказацца). Калі ласка - яшчэ адзін канал выхаду на Прэзідэнта", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваіх даручэннях па дэбюракратызацыі і аптымізацыі дзяржапарату: "Мы павінны паказваць прыклад самой Адміністрацыі Прэзідэнта. І нам трэба яе рэфармаваць у тым плане, што гэта ўсё ж такі галоўны штаб Прэзідэнта.
"Яшчэ раз падкрэсліваю - дэбюракратызацыя - гэта галоўны клопат Адміністрацыі Прэзідэнта. Ідэалогія, кадры, экспертнасць па эканамічным напрамку, прававы напрамак у рабоце Прэзідэнта. Плюс работа праз памочнікаў з галінамі ўлады - судовай, заканадаўчай, банкаўскай. Магчыма, яшчэ", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць слабым пытаннем у Адміністрацыі Прэзідэнта работу са зваротамі грамадзян. "Мы працуем як у савецкія часы. Зразумела, што Адміністрацыя перагружана гэтымі зваротамі - людзі звяртаюцца сюды, як у апошнюю інстанцыю, - адзначыў ён. - І як мы працуем: мы ў асноўным адпраўляем, як у савецкія часы, заявы грамадзян тым, на каго яны часам скардзяцца".
"Калі чалавек звяртаецца па нейкіх пытаннях да нас, і толькі мы павінны і можам вырашыць гэта пытанне, адфутбольваць нельга. Удзяліце гэтаму напрамку сур'ёзную ўвагу. Калі трэба, памяняйце ўвесь склад, які займаецца гэтай бюракратычнай работай", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт у цэлым адзначыў, што Адміністрацыю Прэзідэнта трэба рэфармаваць спакойна і разумна. Сутнасць таго, што адбываецца, Аляксандр Лукашэнка назваў абнаўленнем. Пры гэтым не ставіцца пытанне, напрыклад, аб амаладжэнні - важны менавіта прафесійныя і працаздольныя кадры. "Хто можа працаваць, хоць у 80 гадоў няхай прыходзіць і працуе, прапануе свае паслугі. Я гатовы іх прыняць. Калі зусім малады чалавек і здольны - калі ласка, прыходзьце таксама. Месца знойдзецца", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка даручыў новаму кіраўніцтву Адміністрацыі Прэзідэнта ў сціслыя тэрміны ўнесці прапановы па абнаўленні гэтага дзяржоргана, пасля чаго адпаведныя пытанні будуць абмеркаваны на вялікай сустрэчы з удзелам Прэзідэнта.