20 мая, Рым /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прапануе італьянскаму бізнесу больш актыўна інвесціраваць у Беларусь. Аб гэтым ён заявіў сёння ў Рыме ў час кароткай размовы ў аэрапорце з паўнамоцным міністрам службы дыпламатычнага пратакола Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Італіі Крысціяна Катафаві, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт пацікавіўся тым, як Італія пераадольвае наступствы сусветнага эканамічнага крызісу. "Павінен сказаць, што Італія таксама пачынае выхадзіць з крызісу. Вельмі спадзяёмся, што гэта пазітыўна паўплывае таксама і на нашы эканамічныя адносіны", - сказаў прадстаўнік італьянскага МЗС.
"Мы вас запрашаем у Беларусь. Мы можам рэанімаваць нашы дамоўленасці аб стварэнні прамысловай зоны ў Брэсце, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі я бываю ў іншых дзяржавах, заўсёды прапаную пачынаць з малога. Два-тры праекты пад маю адказнасць. Я буду кантраляваць іх развіццё. Калі вам гэта спадабаецца, прапануйце больш".
"Я заўсёды зыходжу з таго, што калі бізнес лічыць патрэбным развіваць канкрэтны праект, ён бярэ на сябе адказнасць, ён ведае, куды прадасць сваю прадукцыю. А нам ужо выгада ў тым, што яны прыйдуць да нас, створаць рабочыя месцы, будуць плаціць падаткі", - дадаў беларускі лідар.
У сваю чаргу Крысціяна Катафаві адзначыў наяўнасць мэтанакіраванага погляду ў пытанні развіцця двухбаковых адносін. "А значыць, трэба пачынаць з гэтых двух-трох праектаў і з тых галін, якія ўяўляюць узаемны інтарэс", - сказаў ён.
Прадстаўнік МЗС Італіі дадаў, што на пасяджэнні міжурадавай беларуска-італьянскай камісіі, якое прайшло ў лютым у Мінску, бакі ўжо выказалі ўзаемны інтарэс аб стварэнні ў Брэсце так званага бізнес-інкубатара, які будзе аказваць садзейнічанне кампаніям з Італіі ў рэалізацыі стартап-праектаў.
У аэрапорце таксама адбылася кароткая размова Прэзідэнта Беларусі з асабістым прадстаўніком Папы Рымскага, аргенцінскім дырэктарам пратакола Гільерма Кархерам.