23 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае дынамічнае развіццё айчыннай навукі і павышэнне яе ролі ў вырашэнні актуальных задач, што стаяць перад краінай. Аб гэтым ён заявіў 23 студзеня ў час уручэння дыпломаў акадэмікам і членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Уручэнне дыпломаў нававыбраным акадэмікам і членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук напярэдадні прафесійнага свята - Дня беларускай навукі - добрая нагода для нашай сустрэчы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Шчыра рады бачыць у гэтай зале людзей, якія прымаюць самы актыўны ўдзел у рэалізацыі маштабных праектаў, якія сведчаць аб дынамічным развіцці айчыннай навукі і павышэнні яе ролі ў вырашэнні актуальных задач, што стаяць перад краінай".
Прэзідэнт лічыць асабліва цэнным той факт, што ўвага вучоных засяроджана на перспектыўных напрамках, якія вызначаюцца навуковай навізной, маюць высокі ўзровень эканамічнай эфектыўнасці, экспартны патэнцыял і запатрабаваны народнай гаспадаркай і сацыяльнай сферай. Аляксандр Лукашэнка адзначыў важкі ўклад вучоных у стварэнне оптыка-электроннага абсталявання грамадзянскага і сацыяльнага прымянення і развіццё касмічнага прыборабудавання. На яго думку, важнымі напрамкамі з'яўляюцца развіццё машынабудавання, металаапрацоўкі, стварэнне новых матэрыялаў.
Дасягненні вучоных шырока выкарыстоўваюцца ў айчынным аграпрамысловым комплексе пры ўкараненні перадавых тэхналогій вырошчвання і аховы раслін, у стварэнні перспектыўных сартоў збожжавых культур, сродкаў механізацыі і перапрацоўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з непасрэдным удзелам беларускіх вучоных развіваецца новая для краіны біятэхналагічная галіна. На базе Акадэміі навук арганізаваны вытворчасці біятэхналагічнай і фармацэўтычнай прадукцыі.
"Беларусь па праву ганарыцца высокім узроўнем развіцця медыцыны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Дасягненні нашых вядучых вучоных-медыкаў на слыху, яны шырока асвятляюцца ў СМІ і прыцягваюць увагу грамадскасці. Значныя поспехі ў кардыяхірургіі, лазернай медыцыне, дзіцячай нефралогіі, траўматалогіі і артапедыі, эндакрыналогіі, лячэнні анказахворванняў".