28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына лічыць мэтазгоднай прысутнасць на наступных выбарах у краіне наглядальнікаў ад АБСЕ. Такое меркаванне яна 28 верасня выказала журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прысутнасць міжнародных наглядальнікаў на выбарах дадаткова дысцыплінуе, лічыць кіраўнік ЦВК. Лідзія Ярмошына адзначыла, што гэта місія АБСЕ працавала больш талерантна ў параўнанні з папярэднімі місіямі гэтай арганізацыі.
"Раней бывалі такія моманты, калі прадстаўнікі місіі аказвалі націск на супрацоўнікаў ЦВК, акруговыя камісіі. На гэты раз на ўзроўні кіраўніцтва місіі такога не было наогул", - падкрэсліла Лідзія Ярмошына, не паручыўшыся, зрэшты, за радавых членаў місіі ў гэтым плане.
Характарызуючы папярэднюю справаздачу місіі АБСЕ, Лідзія Ярмошына адзначыла, што яна была ўмеранай і асабліва адмоўных эмоцый у яе не выклікала. "Акрамя аднаго пасажу, які датычыўся асабіста мяне. Там ёсць фраза, што старшыня ЦВК вельмі часта выступала ў СМІ, давала палітычныя ацэнкі і такім чынам не дала магчымасці выбаршчыкам зрабіць усвядомлены выбар", - сказала яна.
"Гэта я лічу вельмі несправядлівым. Больш таго, супярэчным Выбарчаму кодэксу, дзе адзначана, што выбарчыя органы інфармуюць выбаршчыкаў аб сваёй дзейнасці. Калі ўзяць дзейнасць многіх нашых кандыдатаў, то, напэўна, калі б кіраўніцтва ЦВК часта не выступала перад выбаршчыкамі, тыя не адразу выявілі б, што ў нас выбары ў краіне ідуць", - адзначыла Лідзія Ярмошына.