15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кастынг прафесійных танцораў для ўдзелу ў шырокамаштабным шоу на цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў пройдзе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі 20 лютага, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.
"У адборы могуць удзельнічаць танцоры старэйшыя за 18 гадоў, якія валодаюць сучаснымі напрамкамі харэаграфіі, маюць вопыт сцэнічных выступленняў і папярэдне запоўнілі анкету", - падкрэслілі ў ведамстве.
Кастынг адбудзецца ў 13.00, але ўдзельнікам неабходна з'явіцца загадзя па адрасе: Мінск, пр. Незалежнасці, 50, зала Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. Пры сабе мець пашпарт і раздрукаваную запоўненую анкету.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў васьмі відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.