10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лагатып Еўрапейскіх гульняў-2019 дастойны і запамінальны. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі (БФЛА) Вадзім Дзевятоўскі.
Як адзначыў дэпутат, галоўная задача лагатыпа - выклікаць асацыяцыю са спартыўным мерапрыемствам. "Нам удалося зрабіць яго яркім, запамінальным, і выглядае яно вельмі дастойна", - лічыць Вадзім Дзевятоўскі.
Пры гэтым, на яго думку, лагатып павінен быць зразумелым і несці ў сабе пэўную сэнсавую нагрузку. "Важна, што аўтары ўклалі ў лагатып, якія далі растлумачэнні аб тым, што сімвалізуе той ці іншы значок", - сказаў парламентарый.
Лагатып II Еўрапейскіх гульняў быў прадстаўлены ў Мінску 7 ліпеня. Ідэяй да стварэння стала нацыянальная легенда аб цудоўнай кветцы папараці, што цвіце ў летнюю ноч на Івана Купалу. І ў таго, хто здолее яе знайсці, збудуцца ўсе жаданні і мары.
Беларусь атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, што ў кастрычніку 2016 года адбылося ў Мінску. Афіцыйным дэвізам II Еўрагульняў будзе выказванне Bright Year, Bright You ("Яркі год, яркі ты"). Таксама будзе руская варыяцыя лозунга - "Время ярких побед" і беларуская - "Час яскравых перамог".