14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час рабочага візіту ва Украіну міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у Адэсе прыняў удзел у трохбаковай сустрэчы з кіраўнікамі дыпламатычных ведамстваў Літвы Лінасам Лінкявічусам і Украіны Паўлам Клімкіным. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
"Міністры ўсебакова абмеркавалі рэгіянальную сітуацыю, звязаную з канфліктам на паўднёвым усходзе Украіны, і выказаліся на карысць аператыўнага дасягнення канкрэтных, прымальных для ўсіх бакоў, дамоўленасцей у рамках трохбаковай кантактнай групы", - расказалі ў ведамстве.
На сустрэчы таксама былі разгледжаны перспектывы перафармаціравання "Усходняга партнёрства". Уладзімір Макей падкрэсліў мэтазгоднасць дыверсіфікацыі падыходаў Еўрапейскага саюза да краін - удзельніц "Усходняга партнёрства" ў залежнасці ад актуальных прыярытэтаў іх знешняй палітыкі. Пры гэтым ён асобна акцэнтаваў важнасць спалучэння інтэграцыйных працэсаў на еўрапейскай прасторы і - у перспектыве - пачатку дыялогу паміж ЕАЭС і ЕС.
Кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў трох краін абмяркоўваліся таксама магчымыя дзеянні, накіраваныя на актывізацыю трохбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і транспартнай сферах, выпрацоўку трохбаковых рэгіянальных праектаў у розных галінах.