10 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Стан і перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння паміж парламентамі Венгрыі і Беларусі, магчымасці ўзмацнення беларуска-венгерскіх адносін абмеркаваны ў Будапешце. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Аб развіцці двухбаковых сувязей ішла размова 9 сакавіка на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Беларусі ў Венгрыі Аляксандра Хайноўскага з намеснікам старшыні Дзяржаўнага сходу Венгрыі Шандарам Лежакам. Асаблівая ўвага ўдзелена пытанням развіцця рэгіянальнага эканамічнага супрацоўніцтва, культурным і гуманітарным сувязям.
Аляксандр Хайноўскі таксама праінфармаваў Шандара Лежака аб магчымасцях і патэнцыяле Беларусі як пляцоўкі для выхаду краін ЕС на ёмісты рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.