31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка даў разгорнутае эксклюзіўнае інтэрв'ю медыяхолдынгу "Блумберг", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
У якасці інтэрв'юера кіраўніка дзяржавы выступіў вядучы карэспандэнт "Блумберг ТБ" з Лондана Раян Філіп Чылкат. Ён ужо браў інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі ў 2001 годзе ў якасці карэспандэнта тэлеканала CNN.
Прэзідэнт адказаў на комплекс пытанняў, звязаных з працэсам урэгулявання сітуацыі ва Украіне пасля дасягнення мінскіх пагадненняў у "нармандскім фармаце".
Аляксандр Лукашэнка спыніўся на ролі вядучых сусветных ігракоў ва ўрэгуляванні ўкраінскай сітуацыі і падтрыманні ваенна-палітычнай стабільнасці ў свеце ў цэлым.
У час інтэрв'ю таксама закраналіся тэмы перспектыў развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза, валютнай інтэграцыі сярод яго членаў.
Кіраўнік дзяржавы выказаў сваё бачанне некаторых аспектаў бягучай эканамічнай, унутрыпалітычнай сітуацыі, у тым ліку ў кантэксце маючых адбыцца важных палітычных падзей у жыцці краіны.
Аляксандр Лукашэнка адказаў і на некалькі пытанняў асабістага характару.
Медыяхолдынг заснаваны ў 1981 годзе ў ЗША Майклам Блумбергам. Медыйныя сэрвісы "Блумберг" уключаюць у сябе інфармагенцтва "Блумберг Навіны", "Блумберг ТБ" (трансліруецца ў 200 краінах свету), "Блумберг Радыё" (вядзе спадарожнікавае вяшчанне па ўсім свеце, а таксама эфірнае вяшчанне ў Нью-Ёрку), інтэрнэт-сайты. Акрамя таго, медыяхолдынг выдае часопісы "Блумберг Рынкі", "Блумберг Businessweek", кнігі "Блумберг Прэс" для супрацоўнікаў інвестыцыйных кампаній.