30 лістапада, Орша /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абяцае прыняць самыя жорсткія меры, калі адказныя чыноўнікі і кіраўнікі не змогуць забяспечыць поўнае выкананне тэхналогіі вырошчвання лёну. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе ў Оршы па развіцці льнаводства і перапрацоўцы лёну, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На нарадзе дырэктар РУП "Інстытут лёну" Іван Голуб адзначыў, што, нягледзячы на рэкамендацыі вучоных і правядзенне вучэбных мерапрыемстваў, пакуль не ўсюды ў краіне ўдаецца вырошчваць і апрацоўваць лён па тэхналогіі.
Аляксандр Лукашэнка адрасаваў пытанне намесніку прэм'ер-міністра Міхаілу Русаму, чаму склалася такая сітуацыя. "Гэта недагляд. Даціснем да кожнага гектара", - адказаў віцэ-прэм'ер.
Прэзідэнт падкрэсліў, што калі ў будучым годзе кіраўніцтва АПК і Нацыянальнай акадэміі навук разам не забяспечаць выкананне тэхналогій вырошчвання лёну, то будуць прыняты самыя жорсткія меры. Практычная работа на месцах - зона адказнасці губернатараў.
Адначасова кіраўнік дзяржавы адзначыў, каб усіх кіраўнікоў, якія забяспечваюць высокія вынікі пры вырошчванні лёну і іншых важных культур, не забывалі заахвочваць і падтрымліваць. "І не толькі ордэн, а і да ордэна яшчэ нешта трэба", - сказаў ён.