24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кубінская дэлегацыя адзначыла цеплыню народа Беларусі і сур'ёзныя намеры яе ўрада. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік старшыні Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Замежны госць прызнаўся, што з вялікім задавальненнем знаходзіцца з візітам у Беларусі. "У гэтыя дні мы змаглі адзначыць цеплыню, любоў беларускага народа і намеры ўсяго ўрада на дзяржаўным узроўні прадаўжаць развіваць адносіны", - сказаў Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс.
Дзяржаўны дзеяч Кубы дадаў, што асноўная мэта яго візіту - разгледзець асноўныя праекты супрацоўніцтва і іх стан, знайсці шляхі для пашырэння ўзаемадзеяння.
Напярэдадні Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым. Таксама ён усклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску.