23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Андрэй Дапкюнас у час удзелу ў спецыяльным мерапрыемстве па ўзаемадзеянні ААН з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва падкрэсліў важнасць наладжвання сувязей ШАС з Еўразійскім эканамічным саюзам і Арганізацыяй Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
"У духу вылучанай Прэзідэнтам Беларусі канцэпцыі "інтэграцыі інтэграцый" пастаянны прадстаўнік Беларусі падкрэсліў важнасць наладжвання сувязей ШАС з іншымі значнымі арганізацыямі ў Еўразійскім рэгіёне, уключаючы Еўразійскі эканамічны саюз і Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы", - расказалі ў ведамстве.
Андрэй Дапкюнас адзначыў важнасць партнёрскіх адносін паміж ААН і рэгіянальнымі арганізацыямі ў сферы эканамічнай інтэграцыі, у галіне бяспекі. Беларусь як наглядальнік у ШАС зацікаўлена ў развіцці адносін з гэтай арганізацыяй па розных напрамках яе дзейнасці - устойлівым развіцці, бяспецы, гуманітарным і культурным супрацоўніцтве.