30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння на пасяджэнні аб'яднанай калегіі генеральных пракуратур Беларусі і Расіі вырашана стварыць міжведамасную рабочую групу па забеспячэнні ўзаемадзеяння органаў пракуратур дзвюх краін. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага нагляднага ведамства.
На пасяджэнні адзначана, што ў сучасных умовах прынцыповае значэнне набываюць пытанні ўмацавання законнасці ў сферы эканамічных сувязей дзвюх дзяржаў, выканання ўдзельнікамі прадпрымальніцкай дзейнасці патрабаванняў заканадаўства і ўмоў кантрактаў.
Генеральная пракуратура Расіі праверыла прадстаўленыя беларускім бокам звесткі аб невыкананні некаторымі арганізацыямі абавязацельстваў па кантрактах і выявіла шматлікія парушэнні заканадаўства. Цяпер у следчых органаў Расіі знаходзіцца шэраг крымінальных спраў, узбуджаных па фактах крадзяжу грашовых сродкаў, якія паступілі ў якасці аплаты пастаўленай прадукцыі па расійска-беларускіх кантрактах, а таксама крадзяжу і растраты тавараў, даверанай маёмасці з Беларусі.
У Беларусі пракурорскія праверкі паказваюць, што маюць месца шматлікія факты неналежнага вядзення пераддагаворнай і дагаворнай базы, не заўсёды выконваюцца нарматыўныя акты міністэрстваў і канцэрнаў.
Генеральныя пракуратуры дамовіліся і ў далейшым ажыццяўляць абмен інфармацыяй аб фактах парушэння кантрактаў і забяспечваць эфектыўную праверку гэтай інфармацыі.