20 верасня, Барысаўскі раён /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусь і Расія даюць вычарпальныя адказы на ўсе пытанні наконт сумеснага вучэння "Захад-2017". Аб гэтым сёння журналістам заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рыгор Рапота падкрэсліў, што "з боку міністэрстваў абароны, урадаў і кіраўнікоў дзвюх дзяржаў дадзены вычарпальныя адказы на ўсе пытанні". Дзяржсакратар адзначыў адкрытасць вучэння, на якое запрошана вялікая колькасць наглядальнікаў. "Зроблена ўсё, каб гэта вучэнне не было фактарам палітычнага раздражнення", - расказаў ён.
Закранаючы развіццё ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, Рыгор Рапота прызнаў, што ў гэтай сферы не абыходзіцца без праблемных пытанняў, але ёсць і нямала прыкладаў паспяховага супрацоўніцтва. Рыгор Рапота дадаў, што створаны рабочыя групы па ўстараненні бар'ераў ва ўзаемным гандлі, у тым ліку ў ваенна-тэхнічнай сферы.