14 мая, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Беларуская АЭС атрымае ліцэнзію на эксплуатацыю ядзернай энергетычнай устаноўкі да канца 2018 года, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк на форуме "Атамэкспа" ў Сочы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Да моманту загрузкі ядзернага паліва ў рэактар эксплуатацыйны персанал павінен атрымаць ліцэнзію. Думаю, што да канца года гэта адбудзецца", - сказаў Міхаіл Міхадзюк.
Дакументы на выдачу ліцэнзіі Беларускай АЭС пададзены ўжо ў Дзяржатамнагляд. Паводле слоў намесніка міністра, дакументы цяпер разглядаюцца, праводзіцца іх экспертыза. У гэтай рабоце ўдзельнічае Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны НАН Беларусі.
Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення 3+ паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.