31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бягучым годзе плануецца заключыць больш за 100 міжнародных дакументаў па лініі ЕАЭС. Многія з гэтых дакументаў трэба будзе ратыфікаваць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Развіццю нацыянальнай эканомікі паслужыць і далейшая інтэграцыя ў ЕАЭС. Хацеў бы асабліва адзначыць, што толькі ў бягучым годзе ў ЕЭАС плануецца заключыць больш за 100 міжнародных дакументаў, многія з гэтых дакументаў нам трэба будзе ратыфікаваць", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Ён таксама адзначыў, што ў адпаведнасці з дагаворам аб ЕАЭС, трэба будзе скарэкціраваць больш за 40 законаў. "Тут, паважаныя дэпутаты, я хацеў бы папрасіць вас звярнуць самую пільную ўвагу на неабходнасць актыўнага непасрэднага ўдзелу ў рабоце над гэтымі дакументамі", - адзначыў старшыня.
"Уніфікацыя заканадаўства, зняцце бар'ераў - залог паспяховай рэалізацыі інтэграцыйных працэсаў", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.