Савет Рэспублікі з'яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва і выбіраецца тэрмінам на чатыры гады.
Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбіраюцца на сходах дэпутатаў гарадскіх і раённых саветаў па восем членаў Савета Рэспублікі. Восем членаў Савета Рэспублікі назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Выбары членаў Савета Рэспублікі новага склікання назначаюцца не пазней як за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней як за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў Савета Рэспублікі дзеючага склікання.
Прэзідэнт Беларусі 5 жніўня 2019 года падпісаў указы, якія вызначылі тэрміны правядзення выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання. Яны адбыліся адпаведна 7 лістапада і 17 лістапада (асноўны дзень галасавання) 2019 года.
Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш як пяць гадоў, не мае судзімасці.
Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі пачынаецца за 90 дзён і заканчваецца за 60 дзён да заканчэння паўнамоцтваў Савета Рэспублікі дзеючага склікання.
Вылучэнне кандыдата ў члены Савета Рэспублікі ад якой-небудзь вобласці праводзіцца на сумесным пасяджэнні кіраўніцтва мясцовага прадстаўнічага і выканаўчага органаў горада або раёна гэтай вобласці.
Кандыдаты ў члены Савета Рэспублікі рэгіструюцца Цэнтральнай выбарчай камісіяй.
Рэгістрацыя кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі пачынаецца за 60 дзён і завяршаецца за 55 дзён да заканчэння паўнамоцтваў Савета Рэспублікі дзеючага склікання.
Члены Савета Рэспублікі ад абласцей выбіраюцца на сходах, якія ўключаюць усіх дэпутатаў раённых і гарадскіх саветаў на тэрыторыі вобласці.
Члены Савета Рэспублікі ад горада Мінска выбіраюцца на пасяджэнні гарадскога Савета дэпутатаў (паколькі адміністрацыйныя раёны ўнутры сталіцы не маюць раённых прадстаўнічых органаў).
Пасля праграмных выступленняў кандыдатаў і публічнага абмеркавання іх кандыдатур праводзіцца тайнае галасаванне.
Выбраным лічыцца кандыдат у члены Савета Рэспублiкi, якi атрымаў больш за палову галасоў дэпутатаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Калі пры правядзенні выбараў устаноўленая колькасць членаў Савета Рэспублікі, якія падлягаюць выбранню ад вобласці, горада Мінска, не была выбрана, у тэрмін, вызначаны Цэнтральнай выбарчай камісіяй, праводзяцца паўторныя выбары.