Палата прадстаўнікоў у складзе 110 дэпутатаў выбіраецца на чатыры гады. У гісторыі суверэннай Беларусі парламенцкія выбары праводзіліся ў 1995, 2000, 2004, 2008, 2012, 2016, 2019 гадах.
Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах. Кандыдат у дэпутаты можа балаціравацца толькі па адной выбарчай акрузе.
Выбары новага складу Палаты прадстаўнікоў назначаюцца не пазней як за чатыры месяцы і праводзяцца не пазней як за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў дэпутатаў дзеючага складу.
Прэзідэнт Беларусі 5 жніўня 2019 года падпісаў указы, якія вызначылі тэрміны правядзення выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання. Яны адбыліся адпаведна 7 лістапада і 17 лістапада (асноўны дзень галасавання) 2019 года.
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 21 года, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, не мае судзімасці.
Кандыдаты ў дэпутаты вылучаюцца палітычнымі партыямі (зарэгістраванымі Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь не пазней як за шэсць месяцаў да назначэння выбараў), а таксама грамадзянамі (на сходах па месцы работы або шляхам збору подпісаў).
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 70 дзён і заканчваецца за 40 дзён да выбараў.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад палітычных партый ажыццяўляецца іх вышэйшымі органамі.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў можа адбывацца на сходах выбаршчыкаў па месцы работы, пры ўмове, што там працуе не менш як 300 чалавек і ў сходзе ўдзельнічае не менш як палова працуючых.
Вылучэнне кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў ажыццяўляецца ініцыятыўнай групай кандыдата ў колькасці не менш як 10 чалавек. Неабходна сабраць не менш як 1000 подпісаў у падтрымку кандыдата ад выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчай акругі.
Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымае акруговая выбарчая камісія па выніках праверкі дакладнасці інфармацыі, што змяшчаецца ў дакументах аб вылучэнні.
Выбраным па выбарчай акрузе лічыцца кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, калі выбары былі прызнаны адбыўшыміся.
Выбары прызнаюцца адбыўшыміся, калі ў галасаванні прыняла ўдзел больш як палова выбаршчыкаў акругі, уключаных у спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах.