16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Змяненні падатковага заканадаўства Беларусі стануць больш прадказальнымі для бізнесу. Аб гэтым сёння журналістам заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Урад бярэ на сябе абавязацельства з 2016 года не мяняць на працягу яго правілы гульні ў падатковай сферы. "Калі мы заяўляем у асноўных дакументах правілы гульні на 2016 год, мы іх унутры года не мяняем", - растлумачыў Васіль Мацюшэўскі. Ён дадаў, што ва ўрадзе разлічваюць, што на працягу 2015 года ў падатковай сферы таксама нічога не будзе мяняцца.
"Нашы дзеянні павінны быць прадказальнымі і адкрытымі. Напэўна, гэта самае галоўнае цяпер для беларускай бізнес-супольнасці", - сказаў першы віцэ-прэм'ер.
У сваю чаргу старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін падкрэсліў: "Падатковая сістэма Беларусі сфарміравалася ў выніку дыялогу паміж бізнесам і ўрадам. Яна даволі эфектыўная".
Аляксандр Калінін з задавальненнем адзначыў: пачута пажаданне бізнес-супольнасці зрабіць больш прадказальнымі змяненні ў падатковым заканадаўстве. Размова аб тым, каб ішоў дыялог з бізнесам і абавязкова захоўваўся адаптацыйны перыяд - не менш як тры месяцы для ўвядзення ў дзеянне новых нарматываў, сказаў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў.