Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

10 Врс 2009

Венгрыя гатова пашыраць інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Беларуссю

10 верасня, Мінск /Мілена Ануфрыёнак - БЕЛТА/. Венгрыя гатова пашыраць інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым заявіў дырэктар Агенцтва па развіццю міжнароднага гандлю Венгрыі "ІТД Хангэры" Ласла Шувегеш Саба сёння на сустрэчы венгерскай дэлегацыі з прадстаўнікамі беларускіх дзелавых колаў, што адбылася ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дырэктар венгерскага агенцтва адзначыў, што ў мінулым годзе Венгрыя стала адным з буйнейшых імпарцёраў капіталу, інвесціраваўшы ў суседнія краіны больш як 3 млрд. еўра. Гэтыя капіталаўкладанні накіраваны ў такія сферы, як фінансавы сектар, энергетыка, фармацэўтычная прамысловасць. Аднак з Беларуссю інвестыцыйнае супрацоўніцтва развіта пакуль недастаткова. "Думаю, што вынікі нашага супрацоўніцтва могуць быць значна лепшыя, ёсць магчымасці для актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці", - сказаў Ласла Шувегеш Саба.

Ён адзначыў, што работа міжурадавай беларуска-венгерскай камісіі па эканамічнаму супрацоўніцтву дасць магчымасць узмацніць узаемадзеянне, у тым ліку ў сферы бізнесу. "Камісія сёння ставіць задачы, з якіх вынікае, што сустрэчы паміж дзелавымі коламі дзвюх краін у бліжэйшым будучым будуць праходзіць часцей", - сказаў ён. На яго думку, бакам неабходна прааналізаваць магчымыя агульныя падыходы. У прыватнасці, венгерскія прадпрыемствы могуць аказаць дапамогу ва ўкараненні сучасных тэхналогій ачысткі сцёкавых водаў і іншых распрацовак у сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Ласла Шувегеш Саба канстатаваў, што ў бягучым годзе адбылося зніжэнне гандлёвага абароту паміж Беларуссю і Венгрыяй, пры гэтым экспарт венгерскіх тавараў значна перасягае пастаўкі беларускіх. "Неабходна разгледзець, якія віды тавараў могуць пасадзейнічаць выраўноўванню ўзроўню знешнегандлёвага абароту і ў цэлым павелічэнню ўзаемнага гандлю", - лічыць ён.

У сваю чаргу першы намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Мікалай Сахар адзначыў, што БелГПП актыўна шукае замежных інвестараў для рэалізацыі праектаў у Беларусі. "Мы гатовы ўзяць на сябе суправаджэнне любых інвестпраектаў", - сказаў ён. Мікалай Сахар выказаў упэўненасць, што сённяшняя кантактна-кааперацыйная біржа з венгерскімі дзелавымі коламі дасць магчымасць наладзіць прамыя кантакты паміж бізнесменамі дзвюх краін.

У перагаворах у БелГПП прынялі ўдзел прадстаўнікі 7 венгерскіх прадпрыемстваў, асноўнымі напрамкамі дзейнасці якіх з'яўляюцца пастаўкі для сельскай гаспадаркі (абсталяванне, сродкі аховы раслін, племянныя жывёлы, насенне), пастаўкі для харчовай прамысловасці, транспартныя паслугі. У прыватнасці, гэта кампаніі "Бінексім", "Атон Інвест", "Экстра-Фарм", "Агрота 2Л", "Агра-Хімія", "Маспед-Рэйлаг".

Аб'ём тавараабароту паміж Беларуссю і Венгрыяй у студзені-ліпені 2009 года склаў $100,2 млн., або 49,1 працэнта да аналагічнага перыяду 2008 года, у тым ліку экспарту - $35,6 млн. (31,8 працэнта). Імпарт зменшыўся на 30 працэнтаў да $64,6 млн. Сальда двухбаковага гандлю склалася адмоўнае ў памеры $29 млн.

У 2008 годзе двухбаковы тавараабарот склаў $348,3 млн. і павялічыўся на $78,3 млн., або на 28,9 працэнта. Беларускі экспарт узрос на 24,7 працэнта і дасягнуў $174,2 млн., імпарт павялічыўся на 33,5 працэнта да $174,1 млн. Сальда склалася дадатнае ў памеры $79 тыс.

Асноўны аб'ём беларускага экспарту ў Венгрыю ў 2008 годзе склалі пастаўкі нафтапрадуктаў, трактароў, акрыланітрылу, гарачакачаных пруткоў з нелегіраванай сталі, калійных угнаенняў, сталярных будаўнічых вырабаў, частак і прылад для аўтамабіляў і трактароў, клеенай фанеры, драўляных вырабаў. Імпартаваліся з Венгрыі ў асноўным лекавыя сродкі, машыны і механізмы для ўборкі і абмалоту сельскагаспадарчых культур, палімеры вінілхларыду, палімеры этылену, апаратура сувязі і часткі да яе, часткі і абсталяванне для аўтамабіляў і трактароў, тэлевізары, відэаманіторы і відэапраектары, агародніна.

Аб'ём венгерскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі ў 2008 годзе склаў $0,3 млн. На працягу студзеня-сакавіка 2009 года замежных інвестыцый з Венгрыі ў Беларусь не паступала. У Беларусі зарэгістравана 7 сумесных беларуска-венгерскіх прадпрыемстваў, 1 прадпрыемства - са 100-працэнтным венгерскім капіталам. У статутныя фонды арганізацый з венгерскімі інвестыцыямі ўнесена $1,96 млн.-0- 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі