Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

22 Май 2014

У Лацінскай Амерыцы ведаюць беларускія прамысловыя брэнды і хочуць пашырэння іх прысутнасці

22 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. У Лацінскай Амерыцы ведаюць беларускія прамысловыя брэнды і хочуць пашырэння іх прысутнасці за кошт развіцця ў рэгіёне тавараправоднай і сэрвіснай сеткі. Аб гэтым заяўлялі дыпламаты лацінаамерыканскіх краін у ходзе праведзенага сёння ў Маскве семінара-прэзентацыі экспартнага патэнцыялу Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемства, арганізаванае пасольствам Беларусі ў Расіі, сабрала кіраўнікоў дыпмісій, гандлёва-эканамічных службаў і старшых дыпламатаў з 10 краін: Аргенціны, Бразіліі, Дамініканскай Рэспублікі, Калумбіі, Панамы, Парагвая, Уругвая, Чылі, Эквадора і Эль-Сальвадора. Вітаючы гасцей, пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка адзначыў, што вялікі патэнцыял палітычнага, эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва выкарыстоўваецца недастаткова эфектыўна. "Калі коратка паглядзець на вынікі нашай сумеснай работы ў мінулым годзе, то мы ўбачым, што знешнегандлёвы абарот Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі нязначна перавысіў $1 млрд, - сказаў дыпламат. - Беларускі экспарт у рэгіён быў на ўзроўні $667 млн, імпарт - $460 млн. Доля Лацінскай Амерыкі ў знешнім гандлі Беларусі склала ўсяго 1,5 працэнта".

Між тым, падкрэсліў пасол, Беларусі ёсць што прапанаваць сваім партнёрам у Лацінскай Амерыцы. "Яе прадукцыя (трактары, камбайны, велікагрузныя кар'ерныя самазвалы, грузавікі і аўтобусы, дарожна-будаўнічая тэхніка) знайшла і знаходзіць сваё прымяненне не толькі на прасторы СНД, але і ў многіх іншых кутках свету", - заўважыў Ігар Петрышэнка. Ён выказаў упэўненасць у тым, што з часам, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, беларуская тэхніка заваюе больш важкія пазіцыі і на рынку Лацінскай Амерыкі.

Пасол нагадаў, што супрацоўніцтва Беларусі з краінамі рэгіёна ў палітычнай плоскасці паступова выходзіць на якасна больш высокі ўзровень. Так, з Венесуэлай і Кубай беларускія двухбаковыя адносіны выведзены на ўзровень стратэгічнага партнёрства. Істотны дынамізм набылі адносіны Беларусі з Эквадорам. Апошнім часам актывізавалася супрацоўніцтва Беларусі з Нікарагуа. Як паведаміў Ігар Петрышэнка, на чэрвень гэтага года запланаваны візіт у Манагуа. А ў пачатку чэрвеня чакаецца рабочы візіт у Мінск пасла Мексікі ў Расіі і ў Беларусі па сумяшчальніцтве.

У ходзе мерапрыемства прадстаўнікі кіраўніцтва флагманаў беларускай эканомікі - БелАЗ, "Амкадор", Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі маторны завод, Беларускі металургічны завод, Мінскі трактарны завод, ВА "Гомсельмаш", "ЛЭМТ" БелОМА - пазнаёмілі прадстаўнікоў лацінаамерыканскіх краін са сваімі навінкамі, расказалі аб дасягненнях і перспектывах работы на рынку гэтага рэгіёна.

Па выніках семінара-прэзентацыі пасол Парагвая ў Расіі Рамон Антэра Дыяс Перэйра сказаў, што дзякуючы гэтаму мерапрыемству ён убачыў вельмі вялікі прамысловы патэнцыял Беларусі. Дыпламат адзначыў, што Парагвай у асноўным займаецца сельскай гаспадаркай і цяпер гэта галіна знаходзіцца ў працэсе мадэрнізацыі. Акрамя таго, інтарэс парагвайскага боку выклікае пасажырскі транспарт, будаўнічая і дарожная тэхніка. "Пасля семінара я бачу вялікія магчымасці для развіцця супрацоўніцтва нашых краін", - сказаў парагвайскі пасол. Ён паведаміў, што ў ходзе семінара запрасіў беларускіх вытворцаў прыняць удзел у выстаўцы сельскагаспадарчай тэхнікі, якая пройдзе ў сталіцы Парагвая ў ліпені гэтага года.

Вельмі карысным назваў праведзенае мерапрыемства пасол Панамы ў Расіі Габрыэль Рамон Соса Гарсія дэ Парэдэс. За 20 апошніх гадоў Беларусь моцна эвалюцыяніравала і яе прадукцыя цяпер здольна канкурыраваць на сусветным рынку. Дыпламат прапанаваў разгледзець магчымасць адкрыцця гандлёвага прадстаўніцтва Беларусі ў Панаме. "Гэта дасць магчымасць беларускай прадукцыі стаць даступнай для ўсіх краін амерыканскага кантынента, паколькі Панама знаходзіцца ў самым яго цэнтры", - сказаў пасол.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі