18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтральныя банкі Беларусі і Літвы маюць намер паглыбляць кантакты. Далейшае развіццё двухбаковага супрацоўніцтва паміж банкаўскімі сістэмамі дзвюх краін было абмеркавана ў час афіцыйнага візіту ў Літву дэлегацыі Нацыянальнага банка Беларусі на чале са старшынёй праўлення Пятром Пракаповічам, паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.
На перагаворах са старшынёй праўлення Банка Літвы Рэйнольдасам Шаркінасам і іншымі кіраўніўнікамі банка адбыўся абмен думкамі аб бягучай сітуацыі ў макраэканамічнай, фінансавай і банкаўскай сферах дзвюх краін, абмеркаваны міжнародныя сувязі і іншыя пытанні, якія маюць узаемны інтарэс. Пры гэтым бакі засяродзілі ўвагу на вопыце двухбаковага міжбанкаўскага супрацоўніцтва Нацыянальнага банка Беларусі з цэнтральнымі банкамі Расіі і Украіны, а Банка Літвы - з цэнтральнымі банкамі Еўрапейскага саюза.
Абмеркаваны таксама магчымасці пашырэння двухбаковых сувязей у сферы ўнутранага аўдыту. Будуць прадоўжаны двухбаковыя кансультацыі па пытаннях рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі, банкаўскага нагляду, арганізацыі ўнутранага аўдыту, навучання персаналу.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|