Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

28 Aug 2012

Стварэнне індустрыяльнага парку пад Смалявічамі пасадзейнічае развіццю Мінскай вобласці - Б.Батура

28 жніўня, Мінск /Надзея Радзівон - БЕЛТА/. Стварэнне кітайска-беларускага індустрыяльнага парку пад Смалявічамі пасадзейнічае развіццю Мінскай вобласці і Беларусі ў цэлым. Аб гэтым заявіў 27 жніўня на цырымоніі ўручэння заснавальнікам пасведчання аб рэгістрацыі кампаніі па развіццю індустрыяльнага парку старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Статут і ўстаноўчыя дакументы кітайска-беларускай кампаніі падпісаны 27 жніўня ў Мінэканомікі. Заснавальнікамі выступаюць ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Гарызонт", Мінскі аблвыканкам і ААТ "Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ".

Барыс Батура падкрэсліў, што не сумняваецца ў паспяховасці праекта. "Нам вельмі важны вопыт Кітая ў гэтым напрамку. Спадзяёмся, што ў кітайска-беларускі індустрыяльны парк прыйдуць не толькі буйныя кітайскія кампаніі, але і еўрапейскія карпарацыі. Ганарымся, што першы такі праект на тэрыторыі СНД будзе ажыццёўлены ў Мінскай вобласці", - сказаў ён, дадаўшы, што з боку Мінаблвыканкама праекту будзе аказвацца ўсялякая падтрымка.

У сваю чаргу старшыня праўлення - генеральны дырэктар САМСЕ Ло Янь таксама выказала ўпэўненасць у вялікіх перспектывах сумеснага супрацоўніцтва. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк стане пляцоўкай для развіцця перадавых тэхналогій, а таксама будзе працаваць у сферы аказання паслуг. Пачалася падрыхтоўка генеральнага плана парку, якая павінна завяршыцца ў бліжэйшыя месяцы. Пасля зацвярджэння ўсіх неабходных дакументаў у сферы горадабудаўніцтва будзе прыняты дэталёвы план правядзення работ першага этапу будаўніцтва.

Пані Ло Янь адзначыла, што ААТ "Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ" працуе ў Беларусі не першы год. Сярод найбольш буйных праектаў, акрамя стварэння індустрыяльнага парку, - будаўніцтва завода беленай цэлюлозы прадукцыйнасцю 400 тыс.т у год (на яго ўзвядзенне будзе выдзелены крэдыт Эксімбанка Кітая).

Пасол КНР у Беларусі Гун Цзяньвэй адзначыў, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем з часу ўстанаўлення дыпламатычных адносін развівалася па нарастаючай. З 2005 года яно асабліва актывізавалася, рэалізуецца больш за 20 буйных праектаў, для Беларусі адкрыты крэдытныя лініі (выдадзены льготныя і камерцыйныя крэдыты).

"Індустрыяльны парк - адзін з самых буйных нашых праектаў, які будзе ажыццяўляцца на працягу 30 гадоў. Яго значэнне для развіцця двухбаковых адносін яшчэ ў тым, што мы пераходзім ад простага вопыту работы да больш складанага. Гэта не толькі беларускія і кітайскія інвестыцыі, але і удзел трэціх краін", - сказаў Гун Цзяньвэй.

Паводле яго слоў, аб зацікаўленасці ў праекце ўжо заявіла кітайская кампанія "Джылі" - вытворца легкавых аўтамабіляў.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк уяўляе сабой адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэнне плошчай не менш як 80 кв.км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу і інвестыцыйнай прывабнасці. На тэрыторыі парку плануецца размясціць вытворчыя і лагістычныя зоны, жылыя і офісныя комплексы, фінансавы і навукова-даследчы цэнтры. Аб'ём інвестыцый ацэньваецца ў суму каля $6 млрд.

Асноўныя напрамкі, якія плануецца развіваць у парку, - тонкая хімія, біятэхналогіі, электроніка, машынабудаванне і новыя матэрыялы. Акцэнт робіцца на высокатэхналагічныя і канкурэнтаздольныя вытворчасці, прыцягненне замежных карпарацый з вядомымі сусветнымі брэндамі, сучасны менеджмент.

Улічваючы вопыт Кітая ў стварэнні і развіцці комплексных эканамічных зон, індустрыяльны парк у Беларусі ствараецца па ўзоры аднаго з паспяховых праектаў, рэалізаваных у ходзе міждзяржаўнага супрацоўніцтва Кітая з урадам Сінгапура, - кітайска-сінгапурскага індустрыяльнага парку ў горадзе Сучжоу.

Мадэль кіравання паркам прадугледжвае трохузроўневую структуру менеджменту: пастаноўка стратэгічных мэт - за міжурадавым каардынацыйным саветам (вышэйшы орган); аператыўнае і якаснае комплекснае абслугоўванне інвестараў (атрыманне неабходных дазволаў, узгадненняў і іншых дзяржаўных паслуг) па прынцыпу "адна станцыя" - за адміністрацыяй парку (бягучае кіраванне); будаўніцтва інфраструктуры і іншых аб'ектаў для развіцця бізнесу, пошук інвестараў - сумесная беларуска-кітайская кампанія па развіццю парку.

Канцэпцыя парку прадугледжвае стварэнне зручнай інфраструктуры для развіцця бізнесу, істотнае падатковае паслабленне на даволі працяглы перыяд, а таксама забеспячэнне комплекснага абслугоўвання і аказанне дзяржаўных паслуг па прынцыпу "адна станцыя" (у сусветнай практыцы - "one-stop service"). Для таго каб працаваць у парку і атрымаць доступ да ўсіх дзеючых там стымулаў, неабходна зарэгістравацца ў якасці рэзідэнта парку з інвестыцыйным праектам, адпаведным асноўным напрамкам дзейнасці парку, з укараненнем высокіх тэхналогій і аб'ёмам інвестыцый $5 млн. і больш.

Ужо вызначана месцазнаходжанне парку і яго мяжы. Геаграфія парку з'яўляецца аптымальнай з пункту гледжання транспартных умоў (блізкасць да нацыянальнага аэрапорту, чыгункі, міжнароднай і рэспубліканскіх аўтадарог), развіцця прамысловасці, навуковага і кадравага патэнцыялу, перспектыў горада Смалявічы як горада-спадарожніка, прыродна-кліматычных умоў, экалогіі.

У межах парку створана мадэль асаблівага прававога поля. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 чэрвеня 2012 года нумар 253 "Аб Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку" ўстаноўлены спецыяльны прававы рэжым асаблівай эканамічнай зоны з падатковымі, мытнымі льготамі, іншымі прэферэнцыямі і спрыяльнымі ўмовамі. Пастановай Савета Міністраў ад 16 жніўня 2012 года нумар 756 зацверджана палажэнне аб індустрыяльным парку, якім вызначаны кампетэнцыя органаў кіравання парку і іх узаемадзеянне, асаблівасці ажыццяўлення ў парку адміністрацыйных працэдур для яго рэзідэнтаў, умовы і парадак рэгістрацыі юрыдычных асоб у якасці рэзідэнтаў парку, а таксама парадак пазбаўлення і страты юрыдычнымі асобамі статусу рэзідэнтаў парку. Створана ДУ "Адміністрацыя Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку", разгорнуты перадпраектныя работы, пачата вывучэнне горадабудаўнічых умоў і падрыхтоўчая работа па генеральнаму плану парку.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі