30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сардзінія зацікаўлена ў рэалізацыі сумесных з Беларуссю праектаў у аграпрамысловым комплексе. Аб гэтым журналістам паведаміў прэзідэнт італьянскага аўтаномнага рэгіёну Уга Капелачы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Уга Капелачы, перад візітам прайшлі сустрэчы з бізнесменамі, і жаданне супрацоўнічаць з Беларуссю выказалі каля 20 кампаній. Магчымы як арганізацыя сумесных прадпрыемстваў, так і перанос асобных зборачных вытворчасцей на тэрыторыю рэспублікі, перадача тэхналогій. Сардзінія мае багаты вопыт развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці і гатова ім падзяліцца (на Сардзініі ёсць навукова-даследчы інстытут, які займаецца праблемамі сельскай гаспадаркі).
"Беларусь нас вельмі цікавіць, асабліва ўлічваючы ўваходжанне ў Мытны саюз, які ўяўляе сабой вялікі рынак і вялікія магчымасці", - падкрэсліў Уга Капелачы. Сардзінія - астраўны рэгіён, які ў сувязі з гэтым сутыкаецца з праблемай пэўнай ізаляцыі, і для таго, каб яго эканоміка была эфектыўнай, канкурэнтаздольнай, яна павінна быць адкрытай і выкарыстоўваць любыя магчымасці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі.
Уга Капелачы адзначыў, што адносіны паміж Сардзініяй і Беларуссю ўзніклі даўно на аснове глыбокай чалавечай салідарнасці. Гэта дружба мае свае асобы, лёсы, гісторыю. За ёю стаяць дзеці, якія прайшлі аздараўленне ў рэгіёне. "Каб іх будучае было больш светлым, мы ажыццяўляем нашы праекты", - дадаў Уга Капелачы.
У сваю чаргу старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура адзначыў, што італьянскія інвестыцыі прыйшлі ўжо у Мінскую вобласць. Сумесна з італьянскімі партнёрамі створана прадпрыемства па вытворчасці канструкцый для малочнатаварных ферм, арганізаваны выпуск даільнага абсталявання. Плануецца ўдзел італьянскага капіталу ў будаўніцтве трох свінагадоўчых комплексаў, сур'ёзнае супрацоўніцтва намячаецца ў гарбарнай галіне. У Італію пастаўляецца вялікі аб'ём скуры, пры садзейнічанні італьянскіх спецыялістаў плануецца правесці мадэрнізацыю гарбарнага аб'яднання.
У Мінаблвыканкаме падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскай вобласцю і аўтаномным рэгіёнам Сардзінія. Бакі будуць узаемадзейнічаць у сферах сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры, турызму.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|