13 мая, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Першы форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Мінску 5-6 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА ў ЗАТ "Мінскэкспа".
Тэмай форуму стане эфектыўнае развіццё аграпрамысловых комплексаў дзвюх краін як важнейшая ўмова харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Мерапрыемства пройдзе пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Рубінава і старшыні Савета Федэрацыі Валянціны Мацвіенка. Яго мэта - садзейнічанне пашырэнню прамых кантактаў паміж рэгіёнамі, бізнесменамі і арганізацыямі дзвюх краін, а таксама выпрацоўка рэкамендацый па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы для паскоранага развіцця эканомік Беларусі і Расіі ва ўмовах стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза.
У форуме прымуць удзел члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, кіраўніцтва Еўразійскай эканамічнай камісіі, кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады і рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а таксама прадстаўнікі дзелавых колаў і сродкаў масавай інфармацыі.
Шэраг мерапрыемстваў форуму пройдзе на пляцоўцы 24-й міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Белагра-2014". Такім чынам, яго ўдзельнікі змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй выстаўкі, дзе будуць прадстаўлены перадавыя дасягненні аграпрамысловага комплексу Беларусі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|