У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

9 Снж 2014

Пензенская вобласць зацікавілася беларускім вопытам у альтэрнатыўнай энергетыцы, інфармтэхналогіях, АПК

9 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пензенская вобласць зацікаўлена ў вывучэнні беларускага вопыту рэалізацыі перадавых праектаў у сферах альтэрнатыўнай энергетыкі, інфармацыйных тэхналогій, сельскай гаспадаркі. Аб гэтым заявіў губернатар рэгіёна Васіль Бачкароў, сустракаючыся сёння ў Пензе з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расіі Ігарам Петрышэнкам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага дыппрадстаўніцтва.

"У ходзе перагавораў бакі прадметна абмеркавалі стан гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Пензенскай вобласці, перспектывы развіцця кааперацыйнага ўзаемадзеяння ў прамысловай сферы, сельскай гаспадарцы, будаўнічай галіне, рэалізацыю сумесных гуманітарных і культурных праектаў", - паведамілі ў прэс-службе.

Васіль Бачкароў адзначыў глыбокую беларуска-расійскую інтэграцыю ў эканоміцы і заявіў, што разглядае Беларусь як брацкую дзяржаву, зацікаўленую ў развіцці ўзаемавыгадных партнёрскіх адносін. "Мы ў сваю чаргу адкрыты для супрацоўніцтва - у нас ёсць значны прамысловы патэнцыял, магутная база будаўнічай індустрыі, вялікія магчымасці сельскай гаспадаркі, развітая транспартная сістэма, кваліфікаваныя кадры", - сказаў ён.

Губернатар таксама адзначыў высокую якасць пасажырскага транспарту беларускай вытворчасці, што працуе ў рэгіёне. Ён падзяліўся ўражаннямі ад наведвання Беларусі. "Мы па-добраму зайздросцім таму, што робіць кіраўніцтва вашай краіны для падтрымкі рэальнага сектара эканомікі", - дадаў ён.

Ігар Петрышэнка ў сваю чаргу адзначыў увагу кіраўніцтва вобласці да развіцця беларуска-пензенскага супрацоўніцтва, падзякаваў за падтрымку тавараправоднай сеткі і выставачна-кірмашовай дзейнасці беларускіх прадпрыемстваў у рэгіёне. У прыватнасці, нядаўна з поспехам прайшоў кірмаш тавараў беларускай вытворчасці на цэнтральнай плошчы Пензы. Паводле слоў дыпламата, плённа развіваюцца пабрацімскія сувязі Пензы і Магілёва.

Пасол выказаў зацікаўленасць у пашырэнні наменклатуры і аб'ёму паставак сельскагаспадарчай, грузавой, дарожнай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі ў рэгіён, у тым ліку з выкарыстаннем разнастайных інструментаў фінансавай падтрымкі. Ён расказаў аб патэнцыяле беларускай будаўнічай галіны і перспектывах удзелу беларускіх будаўнікоў, выкарыстання будматэрыялаў беларускай вытворчасці ў ходзе рэалізацыі інфраструктурных праектаў у вобласці. Ігар Петрышэнка прадставіў губернатару рэалізуемыя ў Беларусі перадавыя праекты ў сферы вытворчасці пасажырскага транспарту на газаматорным паліве, пацвердзіў гатоўнасць беларускіх прадпрыемстваў прыняць удзел у мадэрнізацыі муніцыпальнага транспарту ў рэгіёне.

Сёння ж адбылася сустрэча беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі дзелавых колаў Пензенскай вобласці. Ігар Петрышэнка правёў прэзентацыю экспартных і інвестыцыйных магчымасцей Беларусі. Аб патэнцыяльных магчымасцях супрацоўніцтва лідарам пензенскага бізнесу расказалі прадстаўнікі шэрага вядучых беларускіх прадпрыемстваў: ААТ "Штадлер Мінск", холдынг "Амкадор", РУВГП "Аршанскі льнокамбінат", ААТ "Гомсельмаш", ААТ "МАЗ", ААТ "МТЗ".

У ходзе візіту беларускай дэлегацыі ў Пензенскую вобласць запланавана таксама сустрэча з кіраўніком адміністрацыі горада Пензы Юрыем Крывавым і наведванне шэрага прамысловых прадпрыемстваў.

Тавараабарот Беларусі і Пензенскай вобласці ў студзені-кастрычніку 2014 года склаў $47,3 млн, скараціўшыся на 20 працэнтаў, экспарт - $27,1 млн (зніжэнне на 12 працэнтаў), імпарт - $20,2 млн (змяншэнне на 28,6 працэнта). Асновай беларускага экспарту сталі пастаўкі пліт драўнянастружкавых, газавых пліт, ліфтаў, пліт драўнянавалакністых, ёмістасцей з чорных металаў, машын бытавых, абутку. Аснову імпарту склалі пастаўкі хлеба і мучных кандытарскіх вырабаў, адходаў і лому чорных металаў, арматуры для трубаправодаў, помпаў паветраных або вакуумных, кампрэсараў і вентылятараў, вырабаў літых з чорных металаў, паперы і кардону.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску