Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

20 Стд 2014

Міхаіл Мясніковіч прапанаваў кітайскім партнёрам пашырыць інвестпраект будаўніцтва завода беленай сульфатнай цэлюлозы на Светлагорскім ЦКК

20 студзеня, Пекін /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Інвестыцыйны праект будаўніцтва завода па вытворчасці беленай сульфатнай цэлюлозы аб'ёмам 400 тыс. т у год на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК" можа быць пашыраны за кошт будаўніцтва ўстаноўкі па вытворчасці віскознай цэлюлозы. З такой прапановай прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч звярнуўся сёння да старшыні кітайскай карпарацыі SINOMACH Жэнь Хунбіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў кіраўнік беларускага ўрада, гэта важны і патрэбны для краіны аб'ект. Яго кошт перавышае $800 млн., а рэалізуе яго адна з даччыных кампаній SINOMACH - САМСЕ. "Было б нядрэнна пашырыць магчымасці дзеючага інвестпраекта, знайшоўшы магчымасць пабудаваць у Светлагорску і ўстаноўку па вытворчасці віскознай цэлюлозы", - лічыць прэм'ер-міністр. На гэта, паводле яго слоў, спатрэбіцца яшчэ $35 млн. Іх беларускі бок плануе ўзяць у свайго азіяцкага партнёра ў выглядзе звязанага крэдыту.

Сёння бакі абмеркавалі ход рэалізацыі праекта будаўніцтва завода беленай сульфатнай цэлюлозы. Асаблівая ўвага была звернута на тэрміны. Міхаіл Мясніковіч папрасіў кітайскіх партнёраў не зрываць іх (у адпаведнасці з планамі завод павінен выпусціць першую прадукцыю ў канцы 2015 года). "Калі пуск затрымаецца, могуць узнікнуць пэўныя складанасці з выплатамі працэнтаў крэдыту", - адзначыў прэм'ер-міністр, растлумачыўшы, што ў бізнес-плане тэрміны акупнасці праекта вызначаны з разлікам на выкананне работ ва ўстаноўлены тэрмін. Узнікненне праблем па гэтым пытанні можа выклікаць сумненні адносна плацежаздольнасці Беларусі як пазычальніка. "А ўрад Беларусі, як і вы (кітайскі бок. - Заўвага БЕЛТА), даражыць сваёй рэпутацыяй", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Што датычыцца іншых праектаў, то, адзначыў ён, бакі павінны прыняць усе меры, каб прадаўжаць заключаць выгадныя кантракты. "Гэта і энергетычныя праекты, і праекты ў галіне перапрацоўкі драўніны", - удакладніў кіраўнік урада. Асаблівую ўвагу Міхаіл Мясніковіч звярнуў на праект вялікай хіміі, які будзе рэалізаваны ААТ "Магілёўхімвалакно" і ААТ "Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ". Гаворка ідзе аб будаўніцтве ўстаноўкі бесперапыннай полікандэнсацыі поліэтылентэрэфталату з прамым фарміраваннем валакна і вытворчасцю тэхнічных ніцей. Пасля завяршэння рэалізацыі гэтага праекта магутнасць завода будзе павялічана ў 1,5 раза да 200 тыс. т поліэстэру ў год, а энергетычныя затраты знізяцца больш чым у 2,5 раза.

Вялікі інтарэс да гэтага праекта, паводле слоў прэм'ера, ёсць у партнёраў па Мытным саюзе - Расіі і Казахстана. Дарэчы, у рамках гэтага праекта могуць быць рэалізаваны і яшчэ некалькі падпраектаў.

У цэлым Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што кампаніі SINOMACH будуюць шмат аб'ектаў у Беларусі. "Вы выступаеце як падрадчыкі і ажыццяўляеце праекты за кошт тых крэдытных рэсурсаў, якія запазычваюць або нашы прадпрыемствы пад гарантыі ўрада, або ж непасрэдна ўрад, - прадоўжыў ён, звяртаючыся да Жэнь Хунбіна. - Такім чынам, у вас ёсць поўная гарантыя аплаты за свае паслугі, і вы не несяце ніякіх рызык, звязаных з плацежаздольнасцю пазычальніка, а таксама іншых пытанняў, якія маюць месца пры рэалізацыі камерцыйных праектаў". Гэта, паводле слоў прэм'ер-міністра, велізарная перавага, якую беларускі ўрад стварыў для забеспячэння спрыяльных умоў працы кітайскіх кампаній у параўнанні з тымі камерцыйнымі рызыкамі, якія азіяцкі партнёр нясе, працуючы на іншых кантынентах.

Кітайская нацыянальная машынабудаўнічая карпарацыя (SINOMACH) - адна з буйнейшых у Кітаі дзяржаўных карпарацый. Заснаваная ў 1997 годзе ў выніку пераўтварэння Міністэрства машынабудавання КНР на сённяшні дзень SINOMACH з'яўляецца адным з вядучых у Кітаі распрацоўшчыкам і вытворцам машынабудаўнічага абсталявання. Цяпер у Беларусі даччыныя кампаніі, якія ўваходзяць у склад карпарацыі SINOMACH, прымаюць удзел ў рэалізацыі шэрага буйных праектаў, сярод якіх Кітайска-беларускі індустрыяльны парк (партнёры - карпарацыя САМСЕ), будаўніцтва завода па вытворчасці беленай сульфатнай цэлюлозы магутнасцю 400 тыс. т у год (партнёры - карпарацыя САМСЕ і ААТ "Светлагорскі ЦКК"), будаўніцтва Віцебскай ГЭС (партнёры - карпарацыя CNEEC і Віцебскэнерга) і інш.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі