1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітайскія інвестары зацікаўлены ўдзельнічаць у буйных праектах у нафтахімічнай галіне Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Умовы развіцця супрацоўніцтва ў гэтай сферы, а таксама іншых галінах народнай гаспадаркі абмяркоўваліся ў час нядаўніх рабочых сустрэч намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка з прадстаўнікамі буйных кітайскіх карпарацый.
На перагаворах з прадстаўнікамі кітайскай карпарацыі CNEC з удзелам кіраўніцтва Мінбудархітэктуры і канцэрна "Белнафтахім" віцэ-прэм'ер разгледзеў пытанні рэалізацыі праекта, звязанага з будаўніцтвам у Беларусі завода па вытворчасці кальцыніраванай соды магутнасцю 300 тыс. т у год і перспектывы ўдзелу ў гэтым праекце кітайскай кампаніі як прамога інвестара. "Кітайскі бок выказаў зацікаўленасць і ў іншых буйных праектах нафтахімічнай галіны Беларусі, такіх, як будаўніцтва новага азотнага комплексу і рэканструкцыя завода "Палімір" ААТ "Нафтан", - расказалі ў прэс-службе. - У бліжэйшы час спецыялісты карпарацыі пачнуць вывучэнне тэхнічнага складальніка праектаў, адначасова прапрацоўваецца схема іх фінансавання".
У ходзе сустрэчы з прадстаўнікамі ААТ "Кітайская кампанія інжынірынгу САМС" Анатоль Тозік абмеркаваў шэраг дакументаў па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з удзелам гэтай кампаніі. У прыватнасці, урэгуляваны асобныя пытанні па будаўніцтву кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, на тэрыторыі якога плануецца размяшчэнне высокатэхналагічных вытворчасцей вядучых сусветных кампаній, і пытанні стварэння ў Мінску шматфункцыянальнага комплексу ў кітайскім стылі, які будзе адлюстроўваць асаблівасці кітайскай культуры і сэрвісу. Падрыхтоўка неабходных дакументаў знаходзіцца на завяршальнай стадыі.
У цэлым ключавой тэмай сустрэч стала падрыхтоўка да запланаванага на 17-20 верасня 2011 года візіту ў Рэспубліку Беларусь старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банга. Плануецца, што ён наведае ЦЭЦ-2 у Мінску, рэканструкцыя якой была ажыццёўлена за кошт крэдытных рэсурсаў Кітая, і прыме ўдел у закладцы "першага каменю" на месцы будучага гасцінічнага комплексу "Пекін", будаўніцтва якога вядзецца з прыцягненнем прамых кітайскіх інвестыцый.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|