12 верасня, Кішынёў /Андрэй Гусін - БЕЛТА/. Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова і прэзідэнт Нацыянальнага банка Малдовы Дарын Дрэгуцану на сустрэчы ў Кішынёве абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння банкаўскіх сістэм Беларусі і Малдовы і супрацоўніцтва па лініі нацыянальных банкаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Пасольстве Беларусі ў Малдове.
Надзея Ермакова прымае ўдзел у 32-м пасяджэнні Клуба кіраўнікоў цэнтральных банкаў краін Сярэдняй Азіі, Чарнаморскага рэгіёна і Балкан, што праходзіць у Кішынёве. 12 верасня яна выступіць з прэзентацыяй "Эканамічная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь: рэалізацыя грашова-крэдытнай палітыкі і стан банкаўскага сектара".
У мерапрыемстве прымаюць удзел кіраўнікі цэнтральных банкаў з 24 краін: Албаніі, Арменіі, Азербайджана, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі, Кітая, Харватыі, Грузіі, Грэцыі, Ізраіля, Казахстана, Кыргызстана, Македоніі, Малдовы, Чарнагорыі, Польшчы, Румыніі, Расіі, Сербіі, Славеніі, Таджыкістана, Турцыі і Украіны. На форуме абмяркоўваюцца перавагі таргеціравання інфляцыі для эканомікі, роля плаваючага ці кіруемага плаваючага валютнага курса для паглынання ўнутраных і знешніх эканамічных шокаў, а таксама пытанні распрацоўкі палітыкі і інструментаў макрапрудэнцыйнага нагляду для забеспячэння фінансавай стабільнасці.
Клуб кіраўнікоў цэнтральных банкаў краін Цэнтральнай Азіі, Чарнаморскага басейна і Балкан створаны ў маі 1998 года. Члены форуму традыцыйна арганізуюць свае пасяджэнні два разы ў год з цэнтральнай тэматыкай аб захаванні фінансавай стабільнасці ў рэгіёне, паляпшэнні супрацоўніцтва ў банкаўскай сферы. Сярод асноўных задач названага клуба: належнае функцыянаванне грашовага і валютнага рынкаў, актывізацыя эканамічнага супрацоўніцтва, асабліва фінансавага. Разглядаюцца таксама іншыя пытанні, якія ўяўляюць агульны інтарэс, такія як прыток капіталу на рынкі, што развіваюцца, аспекты банкаўскага нагляду, развіццё нацыянальных плацежных сістэм.