Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

4 Jun 2014

Колькасць аграэкатурыстаў у Беларусі за 2013 год павялічылася амаль на чвэрць

4 чэрвеня, Мінск /Марыя Дзмітрыева - БЕЛТА/. Колькасць турыстаў, якія скарысталіся ў 2013 годзе паслугамі беларускіх аграсядзіб, павялічылася ў параўнанні з 2012 годам на 22,1 працэнта, паведаміў сёння журналістам дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін у час міжнароднага бізнес-форуму "Сельскі турызм: магчымасці, праблемы, перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў прадстаўніка Мінспорту, дадатная дынаміка абумоўлена перш за ўсё тым, што з 2011 года рэалізуецца норма ўказа нумар 372 аб магчымасці прадастаўлення адпачывальнікам у аграсядзібах да 10 пакояў. "Немалаважную ролю ў працэсе папулярызацыі сельскага турызму краіны таксама адыграла інфармацыйнае суправаджэнне паслуг аграэкатурызму за кошт укаранення сучасных тэхналогій, што дае патэнцыяльным кліентам аграсядзіб магчымасць атрымліваць усю неабходную інфармацыю не выходзячы з дома або ў дарозе - праз сетку Інтэрнэт, паслугі анлайн-браніравання і г.д.", - дадаў дырэктар.

Сярэдняя працягласць адпачынку ў аб'ектах сельскага турызму склала 4,5 дня. Найбольш актыўнымі аграэкатурыстамі з'яўляюцца беларусы, расіяне, украінцы, палякі і літоўцы.

Нягледзячы на рост папулярнасці сельскага турызму, колькасць аграсядзіб павялічылася нязначна. "За 2013 год колькасць аб'ектаў узрасла ў параўнанні з 2012 годам усяго на 6 працэнтаў. На пачатак бягучага года ў Беларусі зарэгістравана 1 881 аграсядзіба", - сказаў Вадзім Кармазін.

Больш за ўсё аб'ектаў сельскага турызму - 482 - дзейнічае ў Мінскай вобласці. На другім месцы - Віцебская, дзе гасцей гатовы прыняць 449 аграсядзіб. У Гродзенскім рэгіёне налічваецца 246 аб'ектаў, у Гомельскім - 289, у Брэсцкім - 253. Менш за ўсё аграсядзіб - 162 - створана ў Магілёўскай вобласці.

У цэлым патэнцыял для развіцця сельскага турызму ў Беларусі пакуль выкарыстоўваецца не ў поўнай меры, рэзюмаваў Вадзім Кармазін.

Міжнародны бізнес-форум "Сельскі турызм: магчымасці, праблемы, перспектывы" арганізаваны пры рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Развіццё адзінай платформы падтрымкі доўгатэрміновага супрацоўніцтва прадпрымальнікаў Латвіі, Літвы і Беларусі". Ён накіраваны на ўмацаванне супрацоўніцтва прадпрымальнікаў прыгранічных рэгіёнаў Латвіі, Літвы і Беларусі ў сферы аграэкатурызму. Удзел у сустрэчы прынялі прадстаўнікі бізнес-асяроддзя Беларусі, Латвіі, Літвы, у тым ліку БГА "Адпачынак у вёсцы". У час форуму абмяркоўваліся магчымасці і перспектывы развіцця аграэкатурызму як аднаго з відаў супрацоўніцтва ў трансгранічным рэгіёне.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Развіццё адзінай платформы падтрымкі доўгатэрміновага супрацоўніцтва прадпрымальнікаў Латвіі, Літвы і Беларусі" распрацаваны для рэалізацыі Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія, Літва і Беларусь". Асноўная задача праекта - садзейнічаць развіццю доўгатэрміновага супрацоўніцтва і сумеснага трансгранічнага прадпрымальніцтва, ураўноўванню магчымасцей і ўмоў для развіцця прадпрымальніцтва, стымуляванню трансгранічнага абмену вопытам, павелічэнню абароту тавараў і паслуг паміж краінамі-партнёрамі.

Праект прадугледжвае стварэнне адзінай сістэмы падтрымкі прадпрымальніцтва ў Беларусі, Латвіі і Літве.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі