Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

4 Ліс 2010

Еўракамісія будзе садзейнічаць Беларусі ў стварэнні ўмоў для экспарту прадуктаў харчавання на рынак ЕС

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Еўракамісія будзе садзейнічаць Беларусі ў стварэнні ўмоў для экспарту харчовай прадукцыі на рынак Еўрасаюза. Гэта тэма абмяркоўвалася на сустрэчы ў Мінску міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Міхаіла Русага і камісара Еўрапейскай камісіі па ахове здароўя і абароне правоў спажыўцоў Джона Далі, паведамілі БЕЛТА ў Мінсельгасхарчы.

Бакі дамовіліся аб далейшых кроках па стварэнню ўмоў для экспарту беларускай прадукцыі на рынак ЕС. Генеральны дырэктарат Еўрапейскай камісіі па ахове здароўя і абароне спажыўцоў і ў далейшым будзе аказваць усялякае садзейнічанне і дапамогу Беларусі ў гарманізацыі і збліжэнні яе заканадаўства ў галіне ветэрынарыі з заканадаўствам Еўрапейскага саюза, заявіў еўракамісар. Збліжэнне беларускага і еўрапейскага заканадаўстваў у сферы забеспячэння якасці прадуктаў жывёльнага паходжання - галоўная ўмова адкрыцця доступу беларускіх прадуктаў харчавання на рынак ЕС.

На сустрэчы бакі абмеркавалі і ўзгаднілі далейшыя сумесныя дзеянні па ўніфікацыі патрабаванняў ветэрынарнага заканадаўства. У бліжэйшых планах - прыезд у Мінск чарговай місіі экспертаў Генеральнага дырэктарата па ахове здароўя і абароне спажыўцоў Еўрапейскай камісіі (DG SANCO). Эксперты місіі павінны будуць ацаніць узровень кантролю рэшткавых і шкодных рэчываў у жывых жывёлах і ў прадуктах жывёльнага паходжання, уключаючы кантроль ветэрынарнай лекавай прадукцыі.

Плануецца, што вынікам знаходжання місіі стане не толькі распрацоўка адпаведных рэкамендацый, але і падрыхтоўка канкрэтных планаў і праграм па ліквідацыі існуючых недахопаў. Бакі дамовіліся, што эксперты місіі сумесна з беларускімі калегамі падрыхтуюць пакрокавы комплекс мерапрыемстваў па ўкараненню ў Беларусі метадалогіі лабараторнага кантролю хвароб жывёл і бяспекі прадукцыі жывёльнага паходжання, якая адпавядае патрабаванням ЕС. Місія DG SANCO будзе працаваць у Беларусі з 16 па 26 лістапада.

Таксама ў час сустрэчы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання абмяркоўваўся ход работ па ўкараненню ў Беларусі сістэмы ідэнтыфікацыі, якія вядуцца пры ўдзеле спецыялістаў ЕС. Функцыянаванне гэтай сістэмы з'яўляецца адной з асноўных умоў доступу беларускай прадукцыі на еўрапейскі рынак. Цяпер у Беларусі распрацоўваецца закон "Аб ідэнтыфікацыі і наглядзе за жывёламі і прадукцыяй жывёльнага паходжання", а таксама шэраг нарматыўных дакументаў ветэрынарнага заканадаўства. Цяпер (з 1 па 4 лістапада) у Беларусі працуе прадстаўнік Латвійскай харчовай ветэрынарнай службы, які аказвае кансультатыўную дапамогу спецыялістам Мінсельгасхарча, якія распрацоўваюць праект закона "Аб ідэнтыфікацыі і наглядзе за жывёламі і прадукцыяй жывёльнага паходжання".

Бакі абмеркавалі магчымасць прадастаўлення Беларусі тэхнічнай дапамогі пры ўкараненні сістэмы ідэнтыфікацыі і нагляду за жывёламі і прадукцыяй жывёльнага паходжання. У прыватнасці, яна можа быць прадастаўлена ў выглядзе адпаведнага праграмнага забеспячэння. Джон Далі абяцаў аказаць максімальнае садзейнічанне пры вырашэнні гэтага пытання і іншых тэхнічных аспектаў укаранення сістэмы ідэнтыфікацыі.

Міхаіл Русы і Джон Далі дасягнулі ўзаемаразумення ў пытанні супрацоўніцтва ў барацьбе з шаленствам дзікіх драпежных жывёл у прыгранічных тэрыторыях. Джон Далі абяцаў падтрымаць просьбу Беларусі аб сумесным правядзенні вакцынацыі дзікіх жывёл супраць шаленства з выкарыстаннем сродкаў малой авіяцыі.

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ў 2009-2010 годах актывізавала ўзаемадзеянне з DG SANCO ў напрамку збліжэння ветэрынарнага заканадаўства Беларусі і ЕС, што неабходна для забеспячэння доступу беларускай прадукцыі жывёльнага паходжання на еўрапейскі рынак. З пачатку 2009 года службы харчовага і ветэрынарнага офіса DG SANCO правялі ў Беларусі шэсць інспектарскіх праверак і далі неабходныя рэкамендацыі, многія з якіх ужо ўкаранёны ў беларускую практыку. Акрамя таго, беларускія спецыялісты мелі магчымасць прайсці навучанне дырэктывам і рэгламентам ЕС у Польшчы. Ёсць дамоўленасць аб тым, што такія навучальныя праграмы будуць прадоўжаны ў 2011-2012 гадах.

Спецыялісты Літоўскай харчовай ветэрынарнай службы правялі навучанне выкладчыцкага складу Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Атрыманыя веды становяцца асновай для фарміравання навучальнай праграмы студэнтаў, што забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў, якія адпавядаюць новым патрабаванням, адзначылі ў Мінсельгасхарчы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі