Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

31 Oct 2013

Эквадор прапануе Беларусі супрацоўніцтва ў галіне машынабудавання і фармацэўтыкі

31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эквадор прапануе Беларусі супрацоўніцтва ў галіне машынабудавання і фармацэўтыкі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар гандлёвага прадстаўніцтва Эквадора ў Расіі Карлас Лема перад прэзентацыяй дзелавых і інвестыцыйных магчымасцей Беларусі для бізнес-дэлегацыі Эквадора, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы экспартуем у Беларусь бананы, морапрадукты, кветкі, каву, какаву. Беларусь у сваю чаргу з'яўляецца пастаўшчыком многіх неабходных нам тавараў, напрыклад, металаў, угнаенняў, трактароў. Мы зацікаўлены ў добрай і якаснай прадукцыі, якую Беларусь можа нам прадставіць", - адзначыў Карлас Лема.

Акрамя супрацоўніцтва ў сферы гандлю эквадорскія бізнесмены разглядаюць і іншыя варыянты развіцця адносін з беларускімі кампаніямі. У прыватнасці, не выключаецца магчымасць стварэння сумесных вытворчасцей у галіне машынабудавання. "Мы гатовы гэта зрабіць", - заўважыў дырэктар гандлёвага прадстаўніцтва Эквадора ў Расіі.

Яшчэ адной сферай, якая ўяўляе цікавасць для Эквадора, з'яўляецца фармацэўтычная прамысловасць. "Мы імпартуем лекавыя прэпараты. Ведаючы вопыт і патэнцыял Беларусі ў фармацэўтычнай прамысловасці, мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў гэтай сферы. Калі б маглі наладзіць сумесную вытворчасць у Эквадоры або Беларусі, гэта было б выдатна", - лічыць Карлас Лема. Ён выказаў упэўненасць, што візіт Прэзідэнта Эквадора ў Беларусь стане важным крокам для падтрымання добрых узаемаадносін паміж краінамі.

Намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч падкрэсліў, што Беларусь - краіна з адкрытай эканомікай: "Па індэксу экспартаарыентаванай эканомікі Беларусь займае адно з першых месц у свеце, любыя рэгіёны, нават самыя далёкія, дзе можна прадаваць нашу прадукцыю, заўсёды з'яўляюцца нашымі партнёрамі".

На яго думку, супрацоўніцтва Беларусі і Эквадора можа развівацца ў розных галінах. "У нас ёсць добрыя магчымасці для асваення гэтага рынку. Эквадор ставіць перад сабой задачу па развіццю сельскагаспадарчых рэгіёнаў, інфраструктуры, і Беларусь можа прапанаваць свае паслугі, тэхніку, тэхналогіі, у тым ліку па асваенню радовішчаў у Эквадоры", - лічыць намеснік старшыні БелГПП.

Беларусь у тым ліку можа наладзіць супрацоўніцтва з Эквадорам пры развіцці гарадской інфраструктуры. "Белкамунмаш" абмяркоўвае кантракт па пастаўцы ў Эквадор беларускіх тралейбусаў, якія могуць працаваць у Кіта і іншых буйных гарадах. Акрамя таго, у Эквадоры адкрыта прадстаўніцтва "Беларуснафты", і гэта кампанія можа прапанаваць шэраг тэхналагічных рашэнняў па асваенню радовішчаў, перапрацоўцы рэсурсаў", - дадаў Уладзімір Улаховіч.

Беларускі бок мае намер абмеркаваць з прадстаўнікамі эквадорскіх кампаній выбудоўванне гандлёвых адносін без пасрэднікаў. "Гэта адна з умоў, якая можа забяспечыць прымальныя цэны і якасць прадукцыі", - заўважыў Уладзімір Улаховіч.

"Лацінская Амерыка становіцца для Беларусі цікавым рынкам, дзе могуць быць запатрабаваны нашы тэхналогіі і прадукцыя. Рыхтуюцца візіты беларускіх дзелавых колаў у Перу, Мексіку, на Кубу. Законы і кан'юнктура сусветнага гандлю такія, што нам трэба працаваць там, дзе ёсць узаемная цікавасць і магчымасць", - падагульніў Уладзімір Улаховіч.

Дэлегацыя эквадорскіх дзелавых колаў наведвае Беларусь у рамках афіцыйнага візіту ў рэспубліку Прэзідэнта Эквадора. У складзе дэлегацыі - прадстаўнікі буйных кампаній, якія працуюць у сферы лагістыкі, рэалізацыі кветак, вытворчасці абсталявання для энергетычнай прамысловасці, самбрэра, ювелірных вырабаў і прадметаў мастацтва, медыкаментаў, вытворчасці і рэалізацыі кавы, чаю, морапрадуктаў, плодаагародніннай прадукцыі, эфірных масел і іншай прадукцыі, прадстаўнікі турыстычнага бізнесу. Прэзентацыя дзелавых і інвестыцыйных магчымасцей Беларусі праходзіць пры ўдзеле прадстаўнікоў кіраўніцтва БелГПП, агенцтва па садзейнічанню экспарту Pro Ecuador, гандлёвага прадстаўніцтва Эквадора ў Расіі, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі