9 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Больш як 200 беларускіх прадпрыемстваў прадставілі сваю прадукцыю на Нацыянальнай выстаўцы Беларусі ў Казахстане "БеларусьЭКСПА-2011", якая праходзіць з 7 па 10 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
На адкрыцці выступіў намеснік прэм'ер-міністра Валерый Іваноў, які ўзначальвае беларускую дэлегацыю. Ён падкрэсліў асаблівую значнасць выстаўкі для далейшага развіцця гандлёва-эканамічных адносін з Казахстанам. Гэта краіна - стратэгічны партнёр Беларусі ў Цэнтральнай Азіі.
На экспазіцыі прадстаўлены прадукцыя і навуковыя распрацоўкі беларускіх прадпрыемстваў аўтамабільнай, лёгкай і харчовай прамысловасці, нафтахіміі, фармацэўтыкі, дрэваапрацоўкі, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з беларускімі дасягненнямі ў галіне сувязі і камунікацый, транспарту і лагістыкі, навукі і тэхналогій, турызму, аховы здароўя і адукацыі.
8 верасня адбыліся перагаворы Валерыя Іванова і намесніка прэм'ер-міністра - міністра індустрыі і новых тэхналогій Казахстана Асета Ісекешава. Яны абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі да правядзення восьмага пасяджэння міжурадавай беларуска-казахстанскай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву, якое пройдзе 6-7 кастрычніка ў Гомелі, а таксама распрацоўкі праекта Дарожнай карты двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2012-2013 гады.
Валерый Іваноў правёў сустрэчу з намеснікам акіма г.Алматы Ерболам Шарманавым. Па выніках сустрэчы былі дасягнуты дамоўленасці аб пастаўках беларускай сельгаспрадукцыі ў Казахстан. Казахстанскі бок выказаў зацікаўленасць у стварэнні сумесных прадпрыемстваў па зборцы камунальнай і транспартнай тэхнікі беларускай вытворчасці, а таксама ў пастаўках такой тэхнікі ў краіну.
У рамках выстаўкі адбыліся пасяджэнні беларуска-казахстанскай падкамісіі па пытаннях развіцця супрацоўніцтва ў сферы прамысловай кааперацыі і ўзаемнага гандлю, а таксама беларуска-казахстанскай навукова-тэхнічнай камісіі. Абмеркаваны новыя сумесныя вытворчыя і навукова-тэхнічныя праекты, зацвярджэнне якіх пройдзе на пасяджэнні міжурадавай камісіі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|