Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

15 Кст 2009

"Белдзяржхарчпрам" і Міжнародная арганізацыя па цукру абмеркавалі пытанне экспарту беларускага цукру ў ЕС

14 кастрычніка, Мінск /Наталля Вярбіцкая - БЕЛТА/. Дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі па цукру (МАЦ) па запрашэнню канцэрна "Белдзяржхарчпрам" наведала з дзелавым візітам Беларусь. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе канцэрна.

Дэлегацыю ўзначальваў выканаўчы дырэктар МАЦ Пітэр Бэран. У ходзе візіту дэлегацыя правяла перагаворы ў "Белдзяржхарчпраме", наведала ААТ "Слуцкі цукроварафінадны камбінат", ААТ "Гарадзейскі цукровы камбінат", сустрэлася з намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Іванам Бамбізам.

На праведзеных у "Белдзяржхарчпраме" перагаворах разглядалася пытанне далейшага развіцця супрацоўніцтва і нарошчвання аб'ёмаў экспарту беларускага цукру ў Еўрасаюз. Асноўныя рынкі збыту беларускага цукру сёння - Расійская Федэрацыя і іншыя краіны СНД. Але пастаўкі ажыццяўляюцца і ў некаторыя дзяржавы ЕС - Літву, Латвію, Польшчу.

Як адзначыў старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Іван Данчанка, аб'ёмы экспарту беларускага цукру ў краіны ЕС нязначныя, што абумоўлена перш за ўсё вельмі высокай стаўкай увазной мытнай пошліны (419 еўра за 1 тону). Разам з тым цукравытворцы Беларусі лічаць перспектыўнай такую форму супрацоўніцтва, як пастаўка цукру ў краіны Еўрасаюза для прамысловай перапрацоўкі - вытворчасці кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш.

У лістападзе бягучага года дэлегацыя канцэрна "Белдзяржхарчпрам" і кіраўнікі цукровых заводаў Беларусі прымуць удзел у канферэнцыі МАЦ, якая пройдзе ў Лондане. Выканаўчы дырэктар МАЦ выказаў гатоўнасць аказаць у час гэтага форуму садзейнічанне беларускай дэлегацыі ў наладжванні дзелавых кантактаў з вядучымі сусветнымі вытворцамі цукру і буйнымі інвестыцыйнымі кампаніямі.

Паводле слоў Пітэра Бэрана, ва ўмовах зменлівага цукровага рынку асаблівае значэнне мае дыверсіфікацыя вытворчасцей, накіраваная на глыбінную перапрацоўку сыравіны. У сувязі з гэтым вельмі перспектыўным ён лічыць імкненне беларускіх цукравытворцаў да стварэння на базе існуючых заводаў буйных аграперапрацоўчых комплексаў, арыентаваных у тым ліку на выпрацоўку пабочных прадуктаў цукровай вытворчасці, у прыватнасці, этанолу, арганічных кіслот, біяпластыку. З мэтай набыцця вопыту ў арганізацыі такіх вытворчасцей Пітэр Бэран паабяцаў арганізаваць візіт дэлегацыі канцэрна "Белдзяржхарчпрам" на адну з буйнейшых цукровых вытворчасцей British Sugar.

У сваю чаргу Іван Данчанка выказаў упэўненасць у тым, што праведзеныя ў Мінску перагаворы, знаёмства прадстаўнікоў МАЦ з беларускімі прадпрыемствамі і іх магчымасцямі нададуць новы імпульс развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва беларускіх цукравытворцаў з удзельнікамі як еўрапейскага, так і сусветнага цукровага рынку.

У цэлым Пітэр Бэран станоўча ацаніў развіццё цукровай галіны Беларусі. Ён адзначыў, што ў краіне створаны па-сапраўднаму высокатэхналагічныя вытворчасці, а якасць выпускаемай прадукцыі бясспрэчна высокая і не ўступае аналагічнай еўрапейскай. Выканаўчы дырэктар МАЦ таксама станоўча ацаніў намаганні дзяржавы, накіраваныя на такое дынамічнае развіццё цукровай галіны ў краіне. Укаранёныя на заводах за апошнія некалькі гадоў інавацыі далі магчымасць не толькі забяспечыць больш глыбокую перапрацоўку цукровабурачнай сыравіны, павысіць выхад канчатковага прадукту і яго якасць, але і стварыць эфектыўныя вытворчасці высакаякасных кармоў, запатрабаваных як на ўнутраным, так і на знешніх рынках.

Міжнародная арганізацыя па цукру - міжурадавы орган. Яго мэта - паляпшэнне ўмоў работы на сусветным рынку цукру, аналіз і маніторынг сітуацыі, спецыяльныя даследаванні. МАЦ аб'ядноўвае цукравытворцаў з 83 краін, у тым ліку з Беларусі.-0- 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі