29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая партыя кар'ерных самазвалаў БелАЗ-75137 адпраўляецца ў Індыю, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг".
У першай партыі восем машын. Ужо адгружана чатыры самазвалы, яшчэ чатыры плануецца адправіць у Індыю да канца студзеня. Гэта частка вялікага кантракта на 77 кар'ерных самазвалаў, які быў падпісаны ў кастрычніку 2019 года з індыйскай кампаніяй Coal India Limited.
"Індыйскі рынак з'яўляецца перспектыўным напрамкам для Беларускага аўтамабільнага завода, а пастаўка кар'ерных самазвалаў у адкрыты вугальны кар'ер Gevra - першы ўпэўнены крок у нарошчванні прысутнасці БелАЗа на рынку Індыі", - адзначылі на прадпрыемстве.
У непасрэднай блізкасці ад кар'ера прадаўжаецца будаўніцтва сучаснага сэрвіснага цэнтра па абслугоўванні беларускіх кар'ерных самазвалаў. Згодна з дамоўленасцямі з індыйскім бокам, БелАЗ будзе пастаўляць запчасткі і займацца сэрвісным абслугоўваннем на працягу 8 гадоў эксплуатацыі тэхнікі.
Самазвалы серыі 7513 карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў горназдабыўных кампаній свету. Гэта мадэль складае 27 працэнтаў ад агульнай колькасці прададзенай у 2019 годзе тэхнікі БелАЗ.
Дзяржаўная вуглездабыўная карпарацыя Coal India Limited, на долю якой прыпадае 81 працэнт вуглездабычы ў Індыі, займае 2-е месца па здабычы вугалю ў свеце. Штогод у краіне здабываецца больш за 500 млн т вугалю. Урадам Індыі пастаўлена задача па здабычы 1 млрд т вугалю да 2025 года.
ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.