3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія НПЗ (Мазырскі НПЗ і "Нафтан") знізілі загрузку да тэхналагічнага мінімуму, цяпер ідзе работа над заключэннем студзеньскіх кантрактаў на пастаўку нафты, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў канцэрне "Белнафтахім".
"Для недапушчэння спынення і замарозкі вытворчых магутнасцей айчынных НПЗ мы вымушаны былі знізіць загрузку НПЗ да ўзроўню тэхналагічнага мінімуму", - заявілі ў "Белнафтахіме".
У канцэрне пацвердзілі, што пастаўкі нафты з Расіі спынены. "Цяпер ідзе актыўная работа над заключэннем студзеньскіх кантрактаў", - сказалі ў "Белнафтахіме". Там удакладнілі, што размова ідзе пра пастаўкі нафты з РФ і альтэрнатыўных крыніц.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 снежня правёў нараду з кіраўніцтвам нафтахімічнага комплексу на тэму паставак і перапрацоўкі нафты. Кіраўнік дзяржавы тады даручыў у бліжэйшыя гадзіны завяршыць перагаворы суб'ектаў гаспадарання Беларусі і Расіі і заключыць кантракты на пастаўку нафты ў краіну ў мэтах забеспячэння бесперабойнай работы двух нафтаперапрацоўчых заводаў. Таксама кіраўніком дзяржавы 31 снежня дадзена даручэнне забяспечыць ужо ў бліжэйшыя дні пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц. Перш за ўсё размова ідзе пра пастаўкі чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічанні для альтэрнатыўных паставак нафтаправода "Дружба".