Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

15 Снж 2014

Беларуская прадукцыя карыстаецца попытам на нацыянальнай выстаўцы-кірмашы ў Туркменістане

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская прадукцыя карыстаецца попытам на нацыянальнай выстаўцы-кірмашы, якая праходзіць у гэтыя дні ў цэнтральным гандлёвым цэнтры Ашхабада "Чандыбіль", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

"Прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў - сыры, рыбная прадукцыя, кансервацыя, тэкстыль - выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў выстаўкі", - канстатавалі ў БелГПП.

На Нацыянальнай выстаўцы-кірмашы беларускіх тавараў у Туркменістане сваю прадукцыю і паслугі прадставілі больш за сто айчынных прадпрыемстваў і арганізацый у сферах харчовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, машынабудавання, вытворчасці тавараў народнага спажывання, будаўнічых матэрыялаў, адукацыйных паслуг. Сярод удзельнікаў выстаўкі-кірмашу - ААТ "БелАЗ", ААТ "МАЗ", ААТ "МТЗ", ААТ "Мінскмэбля", РУВГП "Аршанскі льнокамбінат", СП ААТ "Спартак", ААТ "Кандытарская фабрыка "Слодыч", ААТ "Чырвоны харчавік", ААТ "Белрыба", ААТ "Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат". Акрамя таго, у ёй прынялі ўдзел туркменскія прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў. Напрыклад, кампанія Yaraw, якая рэалізуе на туркменскім рынку беларускую тэхніку, арганізавала на адкрытай пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра "Чандыбіль" дэманстрацыю ўзораў тавараў, якія прадаюцца.

У прэс-службе БелГПП падкрэслілі, што беларускія кампаніі актыўна працуюць на туркменскім рынку, у тым ліку праз Беларуска-туркменскі гандлёвы дом, які прадставіў на выстаўцы-кірмашы мэблевую, харчовую прадукцыю, тэкстыль і іншыя тавары.

Адбыліся перагаворы намесніка старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзіміра Улаховіча і намесніка старшыні Гандлёва-прамысловай палаты Туркменістана Даўрана Хаджаева. Бакі абмеркавалі асноўныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва ў галіне рэалізацыі сумесных праектаў, правядзення пасяджэнняў дзелавых саветаў, удзелу беларускіх і туркменскіх прадпрыемстваў у выставачных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў дзвюх краінах.

Беларуская гандлёва-прамысловая палата арганізавала бізнес-сустрэчу ў Саюзе прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Туркменістана. У мерапрыемстве з беларускага боку прынялі ўдзел члены афіцыйнай дэлегацыі на чале з намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Анатолем Калініным і прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў - удзельнікаў выстаўкі-кірмашу. Туркменскі бок быў прадстаўлены старшынёй Саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Туркменістана Аляксандрам Дадаевым і прадстаўнікамі туркменскіх дзелавых колаў. У цэнтры ўвагі былі найбольш актуальныя пытанні беларуска-туркменскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, напрамкі далейшага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Прадстаўнікі беларускіх і туркменскіх дзелавых колаў прэзентавалі сваю прадукцыю і паслугі, правялі перагаворы, устанавілі перспектыўныя кантакты.

Нацыянальная выстаўка-кірмаш беларускіх тавараў у Туркменістане будзе працаваць да 20 снежня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі