Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

17 Apr 2014

Беларускае прадпрыемства "Прамсувязь" прапануе кітайскай кампаніі Huawei стварыць прамкааперацыю

17 красавіка, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. ААТ "Прамсувязь" прапануе кітайскай кампаніі Huawei стварыць прамысловую кааперацыю. Аб гэтым паведаміў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Гелясін у час наведвання прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам ААТ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для павелічэння долі лакалізацыі мы вядзём перагаворы з кампаніяй Huawei аб стварэнні сумеснага цэнтра распрацоўкі або лабараторыі, якія дадуць магчымасць нам паступова адысці ад простай зборкі і перайсці да працэсу вытворчасці ўласнай прадукцыі. Таксама кампаніі Huawei накіравана пісьмо з прапановай набыць долю дзяржавы ў статутным фондзе нашага прадпрыемства, а гэта 99,8 працэнта акцый", - расказаў кіраўнік ААТ. Аднак, паводле яго слоў, стратэгія развіцця Кітая не вітае набыццё тэхналагічнага прадпрыемства, таму кітайскі бок прапануе развіваць сумеснае прадпрыемства. "Таму трэба шукаць шляхі рашэння для развіцця гэтага супрацоўніцтва ў рамках нашага заканадаўства", - падкрэсліў Аляксандр Гелясін.

Дырэктар адзначыў, што ААТ "Прамсувязь" з'яўляецца адзіным прамысловым прадпрыемствам, якое ўваходзіць у сістэму Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, што займаецца вытворчасцю правадной прадукцыі для галіны сувязі. "Дзякуючы супрацоўніцтву з кітайскімі кампаніямі Huawei і ZTE мы змаглі стварыць зборачную вытворчасць на аснове іх камплектаў, і цяпер практычна 90 працэнтаў тэрмінальнага абсталявання, такое як мадэмы, тэрміналы, прыстаўкі для лічбавага тэлебачання, выпускаецца на нашым прадпрыемстве. Таксама паступова пачынаем асвойваць вытворчасць дыстанцыйнага абсталявання", - паведаміў ён. Аляксандр Гелясін падкрэсліў, што такім чынам ААТ удалося дасягнуць высокіх паказчыкаў - па выніках 2013 года выпрацоўка на аднаго рабочага дасягнула $160 тыс., раней было $20 тыс.

Цяпер галоўная задача прадпрыемства - захаваць дасягнутыя тэмпы і аб'ёмы, з улікам перанасычэння рынку гэтай прадукцыяй. "І ў далейшым хацелася б працаваць не толькі для галіны сувязі, але і для іншых сфер, якія таксама спажываюць аналагічную прадукцыю, у гэтым плане ў нас ёсць ніша. У мінулым годзе імпарт у краіну прадукцыі, падобнай да нашай, склаў каля $1 млрд. Нам трэба прааналізаваць гэта і паэтапна асвоіць вытворчасць такіх тавараў, зменшыўшы імпартны складальнік", - сказаў Аляксандр Гелясін. Таксама Беларусі трэба актыўней працаваць над уласнымі тэхналогіямі ў гэтым напрамку, лічыць ён.

Што датычыцца супрацоўніцтва ААТ "Прамсувязь" з кітайскімі партнёрамі, то міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў выказаў меркаванне, што гэта прамысловая кааперацыя дасць магчымасць павысіць беларускі складальнік вырабляемай прадукцыі. Цяпер узровень лакалізацыі складае 20-25 працэнтаў. "Таксама прапрацоўваюцца пытанні стварэння дызайн-цэнтра, спецыяльнага канструктарскага бюро, каб былі і беларускія распрацоўкі, якія потым могуць рэалізоўвацца на экспарт", - паведаміў ён.

Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што ён не супраць стварэння прамысловай кааперацыі з кітайскімі кампаніямі, важна, каб ААТ "Прамсувязь" вырабляла перспектыўную, канкурэнтаздольную і запатрабаваную прадукцыю. "На прадпрыемстве цяпер вельмі нізкі ўзровень лакалізацыі. Можна ствараць прамкааперацыю, я не супраць, галоўнае потым выгадна прадаваць вырабленую прадукцыю. Напрыклад, некаторыя краіны спецыялізуюцца на вытворчасці ўнікальнай прадукцыі, якая запатрабавана ва ўсім свеце, і такім чынам яны фарміруюць дабаўленую вартасць і ВУП", - адзначыў кіраўнік урада.

Міхаіл Мясніковіч лічыць, што галоўнай задачай для ААТ павінна стаць вытворчасць прадукцыі, якую можна эфектыўна рэалізоўваць. Міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў у сваю чаргу таксама падкрэсліў, што трэба прапрацаваць пытанне вытворчасці тэхналогій для жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гэта сістэмы дыстанцыйнага кіравання, сістэмы кіравання дамафонамі і ахоўнымі сігналізацыямі і г.д. "З улікам аб'ёмаў будаўніцтва жылля і мадэрнізацыі сістэм сувязі гэта вельмі перспектыўны напрамак. Да таго ж гэта дасць магчымасць у цэлым забяспечыць краіну гэтай прадукцыяй", - растлумачыў кіраўнік ведамства.

ААТ "Прамсувязь" - вядучы беларускі распрацоўшчык і вытворца абсталявання электрасувязі, уваходзіць у склад Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі. На працягу 80 гадоў прадпрыемства вырабляе абсталяванне правадной электрасувязі для патрэб эканомікі краіны, а таксама шырокі асартымент спажывецкіх тавараў. На прадпрыемстве больш за 10 гадоў укаранёна і дзейнічае сістэма якасці стандарту ISO 9001, больш за 5 гадоў дзейнічае сістэма аховы навакольнага асяроддзя стандарту ISO 14001.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі