8 мая, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Беларуска-літоўскі форум рэгіянальнага супрацоўніцтва пройдзе ў Гродне 29-30 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Літве.
Форум адбудзецца трэці раз з мэтай развіцця і паглыблення ўсебаковага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі Беларусі і Літвы. У ім прымуць удзел дэлегацыі літоўскіх рэгіёнаў, у тым ліку самакіраванняў гарадоў Алітус, Бірштонас, Вісагінас, Друскінінкай і інш. Беларускі бок будуць прадстаўляць дэлегацыі Гродзенскага, Ашмянскага, Астравецкага, Іўеўскага раёнаў, гарадоў Гродна і Ліда.
На гэты раз мерапрыемства пройдзе ў рамках Года гасціннасці, аб'яўленага ў Беларусі, таму асноўны акцэнт у яго рабоце будзе зроблены на тэматыцы ўзаемадзеяння дзвюх краін у сферы турызму, паведамілі ў пасольстве. Акрамя таго, удзельнікі абмяркуюць пытанні актывізацыі супрацоўніцтва рэгіёнаў Беларусі і Літвы ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах.
Арганізатарамі форуму выступаюць з беларускага боку Гродзенскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, адміністрацыя СЭЗ "Гроднаінвест", Гродзенскае абласное аддзяленне БелГПП, пасольства Беларусі ў Літве. З літоўскага боку - самакіраванні рэгіёнаў - удзельнікаў форуму, Асацыяцыя самакіраванняў Літвы, пасольства Літвы ў Беларусі.
Беларускім і літоўскім бакамі праводзіцца актыўная работа па ўстанаўленні і развіцці пабрацімскіх адносін паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі дзвюх краін. На сённяшні дзень заключана каля 70 дагавораў аб супрацоўніцтве раёнаў і гарадоў Беларусі і Літвы ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах. Міжрэгіянальныя кантакты забяспечваюць штогод каля 30 працэнтаў прыросту тавараабароту паміж краінамі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|