1 красавіка, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Беларусь прапануе Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) пашыраць супрацоўніцтва. Такую пазіцыю агучыў сёння прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам ЕБРР па пытаннях палітыкі Андрашам Шымарам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік урада адзначыў дадатную дынаміку ўзаемадзеяння бакоў, якая намецілася апошнія гады. Так, у 2011 годзе рэалізавана праектаў прыкладна на
$185 млн, у 2012-м - больш як на $250 млн. У першым квартале бягучага года ўжо інвесціравана амаль $100 млн у эканоміку Беларусі. У цэлым з 1992 года агульны аб'ём інвестыцый ацэньваецца ў $1,4 млрд. За гэты час рэалізаваны 64 праекты.На думку Міхаіла Мясніковіча, бакі маглі б больш актыўна вырашаць пытанні цэлага шэрага праектаў. "Думаю, мы маглі б пагаварыць аб транспартных праектах, праектах у галіне лясной гаспадаркі, павышэння ўрадлівасці зямель і многіх іншых цікавых праектах, якія блізкія або з'яўляюцца асноватворнымі ў статутнай дзейнасці банка", - сказаў ён. Таксама, лічыць прэм'ер, бакі маглі б прадоўжыць работу ў галіне энергетыкі.
Акрамя таго, сёння Міхаіл Мясніковіч прапанаваў разгледзець пытанне аб мэтазгоднасці наяўнасці палітычнага мандата банка і прымянення ў рабоце з Беларуссю так званага "калібраванага падыходу", калі штогод ацэньваецца палітычная і эканамічная сітуацыя ў краіне. "Мне здаецца, гэта не дае магчымасці выбудоўваць доўгатэрміновую работу банка ў Беларусі", - растлумачыў прэм'ер.
Ён растлумачыў, што першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, а таксама міністр эканомікі Мікалай Снапкоў пасля наведвання Лондана і галоўнага офіса банка з энтузіязмам гавораць аб магчымасцях, якія адкрываюцца, але яны вельмі сціплыя на практыцы. У сувязі з гэтым кіраўнік урада прапанаваў акрамя афіцыйных мерапрыемстваў устанавіць больш цесныя рабочыя кантакты. На яго думку, садзейнічаць гэтаму будзе і адкрыццё напярэдадні новага прадстаўніцтва банка ў Мінску.
"Мы будзем уважліва прыслухоўвацца да тых рэкамендацый, якія будуць зыходзіць ад кіраўніцтва і менеджменту банка", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Гаворачы аб развіцці супрацоўніцтва ЕБРР і Беларусі, Андраш Шымар звярнуў увагу, што банк апошнім часам істотна нарасціў сваю прысутнасць у рэспубліцы. "І чым больш будзе расці прыватны сектар Беларусі, тым больш бізнесу ў нас будзе тут", - адзначыў ён.
Сёння ЕБРР інвесціруе ў самыя розныя галіны беларускай эканомікі. Новыя магчымасці для супрацоўніцтва, паводле слоў Андраша Шымара, могуць з'явіцца пасля рэалізацыі праграмы прыватызацыі ў Беларусі.
Аперацыі ЕБРР у Беларусі вызначаюцца дзеючай стратэгіяй для краіны, якая была прынята ў сакавіку 2013 года і пераважна сканцэнтравана на пытаннях развіцця прыватнага сектара. За апошнія тры гады ЕБРР практычна ў 4 разы нарасціў штогадовыя аб'ёмы інвестыцый і партфель сваіх праектаў. У 2013 годзе банк інвесціраваў беспрэцэдэнтную суму ў памеры 255 млн еўра ў рамках 14 праектаў і гарантый, выдадзеных камерцыйным банкам па праграме садзейнічання гандлю (TFP). Што датычыцца камунальнага сектара, то механізм фінансавання экалагічнай інфраструктуры, які выкарыстоўваецца ЕБРР, дае магчымасць аказваць дапамогу такім гарадам, як Баранавічы, Слонім і Віцебск, ва ўдасканаленні іх інфраструктуры ачысткі сцёкавых вод.
Больш як 60 беларускіх кампаній атрымалі падтрымку ў ходзе рэалізуемай ЕБРР праграмы падтрымкі малога бізнесу, якая прапануе кансультацыйную падтрымку кампаніям краіны ў мэтах удасканалення іх стратэгічнага планавання, сістэм ІТ і кіравання кантролем якасці.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|